BE RU EN

Беларусаў будуць прышчапляць цалкам абноўленай вакцынай ад грыпу

  • 22.09.2026, 10:27

Памянялі ўсе тры кампаненты прэпарата.

У эпідсезоне 2026/27 беларусаў будуць прышчапляць новай вакцынай ад грыпу. Штамавы склад цалкам абноўлены, расказала загадчыца лабараторыі НДІ гігіены, таксікалогіі, эпідэміялогіі, вірусалогіі і мікрабіялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Шмялева, перадае БелТА.

Такое здараецца нячаста і сведчыць пра змены віруса.

Паводле слоў загадчыцы лабараторыі, абнаўленне вакцын для бліжэйшага эпідсезону па ўсіх трох кампанентах рэкамендавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

«Такое, калі мяняюцца ўсе тры кампаненты віруса грыпу, бывае не так часта. Гэта сведчыць пра тое, што вірус перажыў дрэйфавыя змены. Ён ужо не такі, як цыркуляваў летась», – патлумачыла Наталля Шмялева.

Яна таксама заклікала ўсіх прайсці вакцынацыю. Гэта зберажэ не толькі прышчэпленага чалавека, але і тых, хто праз супрацьпаказанні не змог прышчапіцца. Цяжарныя пры вакцынацыі забяспечваюць імунітэт свайму будучаму дзіцяці.

Паводле прагнозаў экспертаў, пік актыўнасці грыпу ў Беларусі чакаецца напрыканцы студзеня – у лютым. Пры гэтым першыя вірусы грыпу пачнуць цыркуляваць раней. У мінулым сезоне прастудаў гэта адбылося напрыканцы лістапада – у снежні.

Пакуль назіраецца рост захворвальнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі з-за пачатку школьнага сезона. Цыркулююць пераважна негрыпозныя узбуджальнікі ВРВІ – напрыклад, рынавірусы. Рэгіструюцца таксама адэнавірусы, метапнеўмавірусы, вірусы парагрыпу і іншыя. Каранавірус таксама працягваюць фіксаваць.

Апошнія навіны