Адну з найбуйнейшых ГРЭС Якуціі спынілі пасля пажару
- 23.09.2026, 12:09
Кіраўнік рэгіёна рыхтуецца ўвесці рэжым НС.
У Якуціі, дзе ацяпляльны сезон запусцілі ўжо напрыканцы жніўня, спынілася адна з найбуйнейшых электрастанцый (ГРЭС) рэгіёна РФ — Нерунгрынская. Прычына — пажар на тэрыторыі станцыі, які адбыўся раніцай 22 верасня па мясцовым часе і ахапіў 90 кв. метраў. У выніку надзвычайнага здарэння былі пашкоджаныя трансфарматарная падстанцыя энергаблока № 1, генератар, тэхнічнае абсталяванне і шэраг іншых аб'ектаў, паведамілі у прэс-службе ўпраўлення МНС па Якуціі. Паводле даных ведамства, падчас пажару пацярпеў адзін супрацоўнік ГРЭС 1993 года нараджэння. Папярэдняя прычына ўзгарання, якое ўжо ліквідавана, — «аварыйны рэжым працы электраабсталявання».
Кіраўнік Нерунгрынскага раёна Максім Цярэшчанка пасля пажару паведаміў пра «складаную» сітуацыю на ГРЭС і абвясціў рэжым падвышанай гатоўнасці. «На дадзены момант станцыя не працуе. Для органаў улады першачарговая задача — наладзіць цеплазабеспячэнне ў Нерунграх, пасёлках Беркакіт і Сярэбраны Бор», — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі. Паводле «Яндэкс.Пагода», у гэтым рэгіёне начныя тэмпературы цяпер апускаюцца да −4 градусаў. Кіраўнік Якуціі Айсен Мікалаеў даручыў разгледзець пытанне аб увядзенні рэжыму НС у Нерунграх і Сярэбраным Бары «для аператыўнага прыняцця ўсіх рашэнняў».
Па словах Цярэшчанкі, у Сярэбраным Бары да запуску рыхтуюць катлы на мазуце, а ў Нерунграх грэюць мазут, каб уключыць водагрэйную кацельню. Акрамя іншага, у выніку пажару на станцыі жыхары Нерунграў, падключаныя да падстанцыі «Гарадская», засталіся без электрычнасці, паведамляла адміністрацыя.
Нерунгрынская ГРЭС з'яўляецца найбуйнейшай цеплаэлектрастанцыяй рэспублікі і асноўнай крыніцай цепла- і электразабеспячэння ў паўднёва-якуцкім рэгіёне (усталяваная электрычная магутнасць — 570 МВт, а цеплавая — 820 Гкал·гадз). Аб'ект, які належыць Далёкаўсходняй генеруючай кампаніі («РусГидро»), запусцілі ў 1983 годзе.
У 2021 годзе на Нерунгрынскай ГРЭС пачалася мадэрнізацыя абсталявання коштам больш за 5 млрд руб. Восенню 2025 года на фоне фінансавых праблем «РусГидро» і праз зрыў тэрмінаў паставак цяжкага абсталявання ўрад РФ дазволіў адкласці да 2028 года запуск на аб'екце двух вугальных энергаблокаў магутнасцю па 225 МВт.