BE RU EN

Японія рыхтуецца ўкараніць у арміі гуманападобных робатаў

  • 23.09.2026, 13:57

Яны таксама могуць быць задзейнічаныя ў «небаявых сітуацыях».

У японскіх узброеных сілах, што сутыкаюцца з цяжкасцямі пры наборы навабранцаў, могуць пачаць укараняць гуманападобных робатаў з інтэграваным фізічным штучным інтэлектам (ШІ). Такую магчымасць цяпер вывучаюць улады краіны, піша Japan Today са спасылкай на крыніцы ў ўрадзе і кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Японіі. Адзначаецца, што такія робаты могуць быць задзейнічаныя ў «небаявых сітуацыях», уключаючы патруляванне ваенных баз і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, што дазволіць скараціць колькасць асабовага складу Сіл самаабароны краіны.

Паводле суразмоўцаў выдання, гэту працу ўзначальвае Агенцтва па закупках, тэхналогіях і лагістыцы Мінабароны Японіі. Чакаецца правядзенне конкурсу, падчас якога распрацаваныя прыватнымі кампаніямі і ўніверсітэтамі гуманападобныя робаты прадэманструюць свае магчымасці. Паводле крыніц, у будучыні такія апараты могуць быць накіраваныя на разведвальныя і выратавальныя аперацыі. Урад плануе напрыканцы года перагледзець ключавыя дакументы ў сферы абароны і бяспекі, каб зрабіць магчымым больш шырокае прымяненне ШІ як ключавога фактара ўмацавання абараназдольнасці краіны.

Сістэмы фізічнага ШІ, якімі абсталяваныя падобныя робаты, дазваляюць аналізаваць інфармацыю, сабраную з дапамогай датчыкаў і камер, і выконваць розныя тыпы задач. Пры гэтым да выкарыстання ШІ ў баявых дзеяннях улады па-ранейшаму ставяцца асцярожна, адзначае Japan Today. Гэта звязана з рызыкай таго, што тэхналогія можа пераблытаць сваіх з чужымі або камбатантаў, то бок удзельнікаў баявых дзеянняў, з мірнымі жыхарамі, і наадварот.

«Мы не чакаем, што гуманападобныя робаты, абсталяваныя фізічным штучным інтэлектам і зброяй, будуць выкарыстоўвацца падчас баявых дзеянняў», — заявіў высокапастаўлены кіраўнік камісіі па бяспецы ЛДП. Прадстаўнік абарончага ведамства са свайго боку падкрэсліў, што ШІ можа стаць эфектыўным інструментам «для замены або дапаўнення аперацый, якія выконваюцца абмежаванай колькасцю асабовага складу».

На дадзены момант лідарства ў вытворчасці гуманападобных робатаў належыць Кітаю. Па ацэнцы Bank of America, у 2025 годзе на яго прыпадала 95% сусветных паставак такіх сістэм. Акрамя таго, кітайскія даследчыкі актыўна развіваюць іх для тэхнічнага пераўзбраення сваёй эканомікі, а Народна-вызваленчая армія Кітая (НВАК) занялася падрыхтоўкай гуманападобных робатаў для задзейнічання ў баявых умовах.

Апошнія навіны