У Польшчы ўспыхнуў пажар на наземнай станцыі Starlink
- 24.09.2026, 11:47
Улады падазраюць падпал.
Увечары 23 верасня на наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink, размешчанай у польскай вёсцы Воля-Кробоўска ў Мазавецкім ваяводстве, узнік пажар.
Пра гэта паведамляе RMF24 са спасылкай на звесткі польскіх уладаў.
Падкрэсліваецца, што ўвечары 23 верасня ўласнік нерухомасці, на якой размешчана інфраструктура сувязі, патэлефанаваў у службу экстраннай дапамогі і паведаміў, што загарэліся антэны.
Таксама быў пашкоджаны электрагенератар. На месца здарэння прыбылі пажарныя, якім удалося патушыць агонь.
Папярэднія высновы ўладаў сведчаць, што падстанцыю, верагодна, падпалілі. Другі варыянт, які таксама разглядаецца, — кароткае замыканне ў электрычнай сістэме.
Паводле слоў міністра лічбавых спраў Польшчы Кшыштафа Гаўкоўскага, ёсць важкія прыкметы таго, што гэты пажар быў наўмыснай спробай парушыць працу станцыі.
«Станцыю эксплуатуе Exatel — дзяржаўны аператар сувязі, які адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні інтэрнэт-бяспекі і наданні доступу да інтэрнэту, у тым ліку і для Украіны», — сказаў ён.
Польскі міністр патлумачыў, што любыя перабоі ў працы такіх станцый прывядуць да збояў у прадастаўленні інтэрнэт-паслуг і, як вынік, таксама ў працы, у прыватнасці, банкаматаў.
«Часам мы не ўсведамляем, што менавіта такая тэлекамунікацыйная рэтрансляцыйная станцыя вызначае, ці будзем мы наагул мець доступ да інтэрнэту ў той ці іншай частцы Польшчы або Еўропы, уключаючы Украіну», — дадаў Гаўкоўскі.
Гэта наземная станцыя разам з аналагічнай станцыяй паблізу літоўскага Каўнаса забяспечвае доступ да інтэрнэту для значнай часткі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.