BE RU EN

«Як вы жывяце з такімі цэнамі?»

  • 24.09.2026, 14:31

Беларусы спрачаюцца, чаму жыццё ў краіне стала такім дарагім.

З высновай беларускай, якая жыве ў Іспаніі, пасля паездкі на малую радзіму пра тое, што «міф пра танную Беларусь можна адправіць на паліцу гісторыі», у Instagram выдання «Салідарнасць» пагадзіліся не ўсе.

Нагадаем, за месяц і тыдзень жанчына патраціла 1500 еўра і не зразумела, куды падзеліся грошы, бо ніякіх буйных пакупак не рабіла.

«Ды колькі ж у сябе трэба запіхваць, каб штодня траціць на прадукты 70–100 р.? Ці, можа, з іспанскай галадухі ела не ў сябе?» — здзівіліся адразу некалькі каментатараў.

«Дурніца. 100 р. на паход у краму лёгка спусціць. І яна, магчыма, купляла прадукты не толькі для сябе».

«Прыйшоў у краму, амаль нічога не купіў — 70–80 р. аддаў, па факце… Так, Беларусь — вельмі дарагая краіна, тут сярэднееўрапейскія цэны».

«Гэта не ў РБ дорага, а ў яе бюджэт слабаваты. А ўвогуле за сорак дзён харчавання, забавы і пакупкі рэчаў — гэта бюджэтна».

Адэптам беларускіх цэн пярэчылі і з самой Беларусі, і з-за мяжы.

«Нядаўна была ў Еўропе. Цэны дакладна такія ж, як у нас у Беларусі, толькі ў нас гэтыя лічбы ў рублях, а ў іх у еўра… Кубак кавы ў кавярні — 7 еўра, бутэльку Колы на запраўцы бачыла за 4 еўра, нібыта, адна паездка на грамадскім транспарце ў Вільні каштуе ад 1 да 2 еўра, а ў Парыжы — 2,5 еўра за паездку. Вось і судзіце самі».

«Прыехалі мае расійскія родзічы і пасля паходу па нашых крамах сказалі: «Як вы жывяце з такімі цэнамі?»»

«Цэны ў Гомелі, як у Маскве, нават сфера паслуг пачала набліжацца да маскоўскіх цэн. Але там і заробкі іншыя, а тут у Беларусі — 1500 р., рэдка ў каго больш».

«Мы жывём у вёсцы, і за камуналку ў нас атрымліваецца каля 150 р. Гэта святло і вада. Дровы для печнага ацяплення на сезон — каля 700 р. А цэны на прадукты вышэйшыя, чым у горадзе».

«А колькі каштуе квіток на самалёт з Вільні ў Парыж? Напэўна, столькі ж, колькі ў нас таксі па Мінску ў гадзіны пік?»

«…Я так прыкідала, дзяўчына патраціла тыя грошы, бо гэта тыповае шыкаванне ў адпачынку. Камфорт і капрызы несуразмерныя з рэальным жыццём: яна ж не будзе ў Іспаніі штодня ездзіць на таксі і траціцца на падарункі ў такіх аб'ёмах, а калі пойдзе ў эстэтыку, то там менш за 500 € і не пакіне. Але так, цэны сталі зусім несуразмернымі: я сама не езджу ў Беларусь штогод, але мама, дый знаёмыя да нас прыязджаюць пастаянна, і мы абмяркоўваем і супастаўляем цэны — і гэта насамрэч сумна, бо заробкі там зусім не тыя, што ў Іспаніі».

«Увогуле, парада на будучыню: калі хочаце параўнаць цэны на штосьці ў Беларусі і Еўропе (так, каб у вашым параўнанні ў Беларусі выходзіла танней), абірайце з наступных пазіцый: курынае мяса, курыныя яйкі, цыгарэты, газіроўка (накшталт кока-колы), бензін — вось вычарпальны спіс таго, што ў Беларусі сапраўды каштуе танней, чым у Еўропе. Для некаторых краін яшчэ можна пазначыць платныя медыцынскія паслугі. Па ўсіх астатніх пазіцыях — ад садавіны і мяса да адзення і аўто — вас чакае глыбокае расчараванне».

Паралельна каментатары закранулі тэму якасці беларускіх тавараў.

«…Якасць прадуктаў апошнім часам моцна ўпала. Адзенне і абутак — дарагія і неякасныя. «Купляць беларускае» для беларусаў вельмі дорага — цэны супраць людзей».

«Вось прыехалі з Іспаніі, і што ім вельмі спадабалася, не паверыце, — пяльмені. Вось цікава, што яны там ядуць?»

«Шмоткі бяруць кітайскія, а «хімічныя» прадукты харчавання з Расіі агіднай якасці, бо яны таннейшыя за нашыя, якасныя і натуральныя. Тавароабарот расце: туды — якасць, назад — хімікаты».

«З чым параўноўваць іх смачнасць? (беларускія прадукты — С.) Сыр… не параўнаць з італьянскім. Курыца і свініна па цане парытэтныя. Ялавічына крыху таннейшая, але яна як падэшва. Малако каштуе столькі ж, але значна горшае па якасці».

Апошнія навіны