Польшча эвакуявала два памежныя пераходы з-за расійскіх абстрэлаў
- 24.09.2026, 15:13
Прэм'ер Туск раскрыў падрабязнасці.
Польшча была вымушаная эвакуяваць людзей з двух памежных пераходаў з-за расійскіх атак на Заходнюю Украіну. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск, паведамляе Rzeczpospolita.
— Гэта сапраўдная трагедыя нашага часу, і гэта не першы раз, калі я размаўляю з адным з нашых партнёраў тут, у Варшаве, і кажу пра тое, наколькі агрэсіўна паводзіць сябе Расія і якія праблемы яна стварае, у тым ліку і для Польшчы, і менавіта ў гэты момант рускія вырашаюць гэта даказаць, — сказаў Туск на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Балгарыі Руменам Радзевым.
Паводле яго слоў, з-за расійскай атакі на заходнія вобласці Украіны давялося эвакуяваць памежныя пераходы ў Грубешаве і Дарагуску.
— У нас (у Балгарыі і ў мяне) ёсць выразная агульная пазіцыя. Гэтая вайна павінна скончыцца як мага хутчэй, і не на ўмовах агрэсара, а на справядлівых умовах, каб мір мог быць трывалым, — працягнуў Туск.
Ён таксама адзначыў, што пакуль няма ніякіх доказаў таго, што Пуцін гатовы да такога кроку.
Гэта не першы падобны інцыдэнт. Раніцай 23 верасня з-за паветранай трывогі часова эвакуявалі пераходы ў Дарагуску і Зосіне.
13 верасня расійскі беспілотнік атакаваў лакаматыў пасажырскага цягніка Кіеў — Варшава прыкладна ў двух кіламетрах ад мяжы з Польшчай. Незадоўга да ўдару гэтым жа маршрутам прайшоў спецыяльны цягнік з еўрапейскімі палітыкамі і дыпламатамі. Сярод яго пасажыраў былі былы прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан і дарадца канцлера Германіі па знешняй палітыцы і бяспецы Гюнтэр Заутэр.