У Беларусі запускаюць новую сетку мінімаркетаў
- 24.09.2026, 15:48
Першая крама «Побач» адкрыецца ў Мінску.
Уладальнікі беларускай сеткі крам «Тры цэны» запускаюць новую гандлёвую сетку «Побач». Раней пра яе з'яўленне паведаміў Office Life. Першую краму плануюць адкрыць у кастрычніку ў Мінску.
«Побач» будзе працаваць у фармаце мінімаркета каля дома.
— Мы хочам аб'яднаць у адной невялікай прасторы звыклы асартымент крамы каля дома і паўнавартасны накірунак food-to-go, — распавялі прадстаўнікі сеткі.
У асартыменце плануюцца кава і іншыя гарачыя напоі, хот-догі, бургеры і чызбургеры, выпечка, фрыкадэлькі, а таксама рамэн. Пры гэтым «Побач» застанецца паўнавартаснай крамай каля дома, дзе можна будзе набыць малочныя прадукты, хлеб, гастраномію, напоі, бакалею, снэкі і іншыя тавары на кожны дзень.
Першая крама стане пілотнай. У кампаніі кажуць, што частку рашэнняў будуць дапрацоўваць ужо пасля адкрыцця.