Першы беспілотны трамвай у Беларусі можа з’явіцца ў Мазыры
- 24.09.2026, 17:00
Для пілотнага праекта ўжо падрыхтавалі дарожную карту.
Беспілотны трамвай можа з’явіцца ў Беларусі, расказаў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар «БКМ Холдынг» Міхаіл Сымановіч. Гэта павысіць бяспеку руху і знізіць аварыйнасць.
Прадпрыемства актыўна займаецца аснашчэннем трамвайных вагонаў сістэмамі беспілотнасці першага ўзроўню.
«Гэта не прадугледжвае поўнай адмовы ад вадзіцеля, але... прадухіляе наезды на перашкоды, што... павялічвае працэнт выпуску рухомага складу на лінію», — расказаў Сымановіч.
Цяпер на мінскіх трамваях новага пакалення ўжо выкарыстоўваюць электроннага памочніка вадзіцеля, на чарзе — вагон, здольны самастойна выконваць увесь цыкл руху па маршруце.
Раней стала вядома, што спецыялісты ўжо падрыхтавалі праект дарожнай карты па ўкараненні пілотнага праекта ў Мазыры. Там траса прасцей, чым у Мінску.
«Ідзе гаворка пра поўную аўтаномнасць: вадзіцель будзе прысутнічаць у кабіне, але не будзе ўдзельнічаць у працэсе кіравання. У канчатковым варыянце трамвай павінен самастойна перамяшчацца, спыняцца там, дзе неабходна, адчыняць і зачыняць дзверы», — раней у інтэрв’ю Butikavto расказаў намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйным развіцці «БКМ Холдынг» Алег Быцко.
То бок ідзе гаворка пра поўную беспілотнасць, падсумаваў спікер.
Пасля ўкаранення праекта спецыялісты ацэняць яго эканамічную эфектыўнасць. Аднак галоўны эфект не столькі ў гэтым, колькі ў зніжэнні аварыйнасці, мінімізацыі чалавечага фактару і прадказальнасці эксплуатацыі, падкрэслілі ў «БКМ Холдынгу».