BE RU EN

Сікорскі — Лаўрову: Сяргей, скажы свайму начальніку, што ўжо досыць

  • 25.09.2026, 3:02

Міністр замежных спраў Польшчы звярнуўся да расійскага калегі ў ААН.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі звярнуўся да кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова падчас пасяджэння Рады Бяспекі ААН. Ён заклікаў Маскву спыніць вайну супраць Украіны і не падвяргаць небяспецы іншыя краіны Еўропы, паведамляе RMF24.

«Перастань разбураць будучыню Расіі, Сяргей. Я ведаю, што ты слухаеш. Скажы свайму начальніку, што ўжо досыць», — звярнуўся ён да кіраўніка МЗС Расіі, які раней пакінуў залу.

Таксама кіраўнік МЗС Польшчы падкрэсліў, што расійскі дыктатар не дасягнуў пастаўленых мэтаў ва Украіне.

«Расія эскалуе гэтую бяссэнсоўную, каланіяльную вайну, таму што за больш чым 4 гады Уладзімір Пуцін нічога не дасягнуў і яму патрэбная падстава для чарговай хвалі мабілізацыі. Прадстаўнікам Расійскай Федэрацыі я хачу сказаць: вы спрабуеце заваяваць Данбас ужо больш за 12 гадоў, а Кіеў — больш за чатыры. Вас спыніла гераічная Украіна, краіна, якая генеруе адну дзясятую ВУП Расіі, але Польшча мае амаль палову вашага ВУП. ВУП Еўропы ў 10 разоў перавышае ваш. ВУП НАТА ў 25 разоў перавышае ваш. Вы можаце і далей забіваць шмат людзей, але перамагчы не зможаце», — сказаў Сікорскі.

Выданне паведаміла, што раней Лаўроў заявіў, што Расія не мае намеру спыняць вайну супраць Украіны. Кіраўнік МЗС РФ таксама абвінаваціў еўрапейскія краіны ў тым, што яны хочуць скарыстаць магчымы прыпынак баявых дзеянняў для пераўзбраення Украіны.

«Вынесшы ўрокі з горкага досведу, мы не будзем прыпыняць спецыяльную ваенную аперацыю на час перамоваў ні ў якой форме», — сказаў ён.

Апошнія навіны