Іншапланец, загадкавыя дзверы і вада: што выявіў Curiosity на Марсе
- 25.09.2026, 10:43
Марсаход NASA Curiosity правёў на Чырвонай планеце больш за 14 зямных гадоў.
Марсаход Curiosity у 2011 годзе быў запушчаны ў космас і пасля 8-месячнага падарожжа 6 жніўня 2012 года прызямліўся ў кратары Гейл на Марсе. Марсаход правёў на Чырвонай планеце ўжо больш за 5000 солаў, гэта значыць марсіянскіх сутак, працягласць якіх складае прыкладна 24 гадзіны 39 хвілін.
Мяжа ў 5000 солаў была пераадолена 29 жніўня 2026 года. 5000 солаў — гэта больш за 5137 зямных сутак або больш за 14 зямных гадоў. За гэты час Curiosity прайшоў па паверхні Марса адлегласць у 37 кіламетраў.
Зараз ён узнімаецца па схілах гары Эоліда вышынёй 5,5 км — гэта цэнтральнае ўзвышша кратэра Гейл. За 14 гадоў Curiosity зрабіў шмат адкрыццяў. Вось асноўныя з іх, піша EarthSky (пераклад — «Фокус»).
На Марсе існавалі азёры і рэкі
Curiosity знайшоў шмат доказаў існавання вадкай вады на паверхні Марса ў мінулым. На гэта паказваюць мінералы, што ўтварыліся ў прысутнасці вады. Высветлілася, што ў кратары Гейл знаходзілася велізарнае возера, у якое маглі ўпадаць рэкі. Curiosity таксама выявіў сляды старажытных ілістых адкладаў на дне кратэра і расколіны, якія сведчылі, што возера неаднаразова перасыхала.
Лічыцца, што вадкая вада на паверхні Марса знікла пасля знікнення глабальнага магнітнага поля і шчыльнай атмасферы Чырвонай планеты. Па меры таго, як Марс губляў атмасферны ціск і парніковыя газы, яго паверхня станавілася ўсё халаднейшай, і на ёй ужо не маглі захоўвацца ўстойлівыя вадаёмы з вадкай вадой.
Марс быў прыдатны для жыцця і, магчыма, быў абітаванай планетай
Марсаход Curiosity выявіў на Марсе неабходныя ўмовы для існавання жыцця. Як ужо было сказана вышэй, там была вада — найважнейшы кампанент для жыцця. Колавы робат NASA таксама знайшоў гліністыя мінералы, серу, азот, фосфар, вуглярод і крыніцы хімічнай энергіі. То-бок на Марсе магло існаваць мікрабнае жыццё.
Раней у гэтым годзе Curiosity выявіў на Марсе найбольш разнастайную сукупнасць арганічных малекул у адным узоры горнай пароды: 21 малекулу, што змяшчае вуглярод. Ці звязаныя гэтыя малекулы са старажытным жыццём на Марсе, яшчэ трэба высветліць.
Вадкая вада на Марсе захавалася ў надрах планеты
Рэкі і азёры на Марсе з часам зніклі. Але Curiosity знайшоў сведчанні таго, што падземныя воды працягвалі цыркуляваць у горных пародах пад паверхняй Чырвонай планеты.
Навукоўцы лічаць, што вада заставалася пад зямлёй яшчэ доўгі час пасля таго, як паверхня Марса стала сухой і непрыдатнай для жыцця. Гэта азначае, што мікрабнае жыццё магло працяглы час існаваць пад паверхняй планеты.
Незвычайныя камяні на Марсе
Марсаход Curiosity зрабіў шмат здымкаў незвычайных камянёў на Чырвонай планеце. Часта іх форма нагадвае нешта знаёмае нам усім. Напрыклад, косткі жывёл або каралы.
Таксама на здымках відаць дзіўныя геалагічныя ўтварэнні, якія прымушаюць нас бачыць тое, чаго насамрэч няма. Гэта з’ява, вядомая як парэйдолія. Напрыклад, многія людзі ўбачылі на Марсе дзвярныя праёмы, якія, здаецца, вядуць у нейкае памяшканне. А яшчэ на адным здымку людзі ўбачылі іншапланца, які, здаецца, ідзе па праходзе, высечаным у скале.