BE RU EN

«У польскім ліцэі вучань вывучае амаль увесь другі курс БДУІР»

  • 25.09.2026, 15:18

Беларус выкладае ў Польшчы робататэхніку і праграмаванне дзецям эмігрантаў.

Вадзім Кручкоў выкладае матэматыку і праграмаванне дзецям эмігрантаў, каб яны захавалі мову і не страцілі цікавасць да школьных прадметаў. Паралельна беларус развівае выкладчыцкую супольнасць беларусаў у Польшчы і марыць стварыць анлайн-школу па робататэхніцы. Вадзім распавёў Most, як пасля эміграцыі змог вярнуцца ў прафесію.

У Беларусі Вадзім як рэпетытар выкладаў пераважна робататэхніку, але таксама праводзіў заняткі па логіцы і фізіцы для вучняў пачатковых класаў.

— Я рабіў даволі маштабныя праекты. Напрыклад, арганізоўваў робататэхнічныя спаборніцтвы на 2,5 тыс. чалавек, а таксама вазіў нашы зборныя па робататэхніцы ў Коста-Рыку, Індыю і Катар, — узгадвае ён.

У Польшчу беларус пераехаў вясной 2022 года. Эміграцыя адбывалася ў даволі хуткіх і хаатычных умовах, але ў Вадзіма была папярэдняя дамоўленасць з дырэктарам адной з анлайн-школ — таму наконт пошуку працы ён моцна не хваляваўся.

— Пазваніў эйчарам, але праз дзень-два яны адказалі, што не могуць мне нічога прапанаваць. Чаму — было незразумела. Я зноў звязаўся з дырэктарам, каб удакладніць, што мне трэба палепшыць у рэзюмэ. Высветлілася, што я занадта кваліфікаваны, каб працаваць у іх звычайным настаўнікам.

Вадзім спрабаваў дамовіцца са школай: казаў, што супрацоўніцтва можа быць карысным і яму. Настаўнік хацеў вывучыць Python, а таксама пачаць выкладаць па-англійску. Але не спрацавала — у анлайн-школу рэпетытара не ўладкавалі.

«Атрымліваў каля 200 рублёў — не тая сума, на якую можна пражыць у Польшчы»

Тады Вадзім пайшоў працаваць у дастаўку, а паралельна пачаў думаць, як вярнуцца ў прафесію. Спрабаваў публікаваць аб’явы ў эмігранцкіх групах Facebook і чатах Telegram, але водгукаў амаль не атрымліваў.

— Грошы паступова заканчваліся. Яшчэ некалькі месяцаў я атрымліваў каля 200 рублёў ад анлайн-заняткаў з беларусамі, але гэта не тая сума, на якую можна пражыць у Польшчы. Не ведаў, што рабіць, было вельмі складана.

Тады па парадзе знаёмага Вадзім спрасціў схему набору, каб патэнцыйныя вучні маглі без папярэдняй сувязі з рэпетытарам запісацца праз форму на пробны занятак. Гэта спрацавала: людзі пачалі разбіраць слоты. Пасля бясплатнага пробнага ўрока на навучанні заставалася каля 40% кліентаў.

«У Амерыцы галоўная мэта не матэматыка, а мова»

Цяпер Вадзім вядзе і індывідуальныя, і групавыя заняткі. Ён выкладае для беларускіх дзяцей, што жывуць у Польшчы. Таксама працуе з тэхаскай школай, якая прапануе заняткі на рускай мове, каб захаваць мову ў эмігрантаў другога пакалення.

Да Вадзіма звяртаюцца і рускамоўныя эмігранты, што жывуць у Вялікабрытаніі, Літве, Партугаліі, Чэхіі, Швейцарыі і Іспаніі. У залежнасці ад краіны адрозніваюцца і запыты, з якімі вучні прыходзяць да рэпетытара.

— У Амерыцы галоўная мэта — не сама матэматыка ці праграмаванне, а мова. Але гэта ўпакоўваюць у такі адукацыйны фармат: калі нешта новае даведваешся — добра, калі не даведваешся — усё адно добра.

«У польскім ліцэі вучань вывучае амаль увесь другі курс БДУІР»

У Польшчы, адзначае Вадзім, сітуацыя выглядае інакш: уплываюць асаблівасці школьнай праграмы па матэматыцы. На яго думку, да васьмога класа прадмет выкладаюць даволі сціпла, нават у параўнанні з Беларуссю або Украінай.

— Некаторыя бацькі звяртаюцца да мяне, каб дапамагчы не страціць той узровень, які быў набыты ў Беларусі. Многія беларускія дзеці пасля пераходу ў польскія школы атрымліваюць больш высокія балы і трапляюць на алімпіяды — у пэўны момант ім проста становіцца нецікава вывучаць тое, што яны і так ужо ведаюць.

Таксама да Вадзіма звяртаюцца, калі ёсць неабходнасць паступіць у польскі ліцэй. Менавіта там нагрузка павялічваецца.

— На чацвёртым курсе ліцэя вучань вывучае амаль увесь другі курс БДУІР. То-бок працаваць у поўную сілу ты пачынаеш толькі ў ліцэі. Але трапіць туды складана — трэба браць дадатковыя заняткі прыкладна з сёмага-восьмага класа.

«У Польшчы не ўспрымаюць робататэхніку як шлях у будучыню»

Вадзім заўважае, што ў Польшчы попыт на робататэхніку сярод вучняў ніжэйшы ў параўнанні з Беларуссю. Настаўнік лічыць, што гэта абумоўлена кар’ернымі перспектывамі, бо ў Беларусі адна з галоўных магчымасцяў зарабіць — пайсці ў IT-сферу або інжынерыю.

— Да Польшчы я нават не выкладаў школьную матэматыку. Але тут давялося перакваліфікавацца, бо прадмет больш запатрабаваны, чым праграмаванне або тая ж робататэхніка. У Польшчы дзіця можа пайсці ў медыцыну, літаратуру або бізнес — і ўсё роўна зарабляць добрыя грошы. Тут робататэхніку не ўспрымаюць як шлях у будучыню — гэта дадатковая «развівайка» на адным узроўні з басейнам.

Нягледзячы на гэта, Вадзім марыць разам з аднадумцамі пабудаваць анлайн-школу робататэхнікі.

«Я амаль самы дарагі рэпетытар у сваім кам’юніці»

Паралельна з рэпетытарствам Вадзім бярэ актыўны ўдзел у супольнасці беларускіх выкладчыкаў у Польшчы: арганізоўвае вэбінары, адмініструе тэматычны канал у Telegram і праводзіць афлайн-канферэнцыі.

Кантактуючы з настаўнікамі, беларус прыходзіць да высновы, што асноўныя праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, — складанасць вяртання ў сферу пасля эміграцыі. Адны не могуць пацвердзіць дыпломы, другім не стае мовы для выкладання ў польскіх установах адукацыі, трэція працуюць праз інкубатары, якія забіраюць дадатковы працэнт.

— Многія выкладчыкі ацэньваюць сваю працу вельмі танна, бо прывыклі арыентавацца на беларускі рынак. Я не сярод іх, наадварот, амаль самы дарагі рэпетытар у сваім кам’юніці, — смяецца Вадзім. — Мая гадзіна індывідуальнай працы з вучнем каштуе 160 злотых — гэта вельмі дорага. Але трэба разумець, што ў гэтую суму я ўключаю падрыхтоўку да заняткаў, праверку дамашняга задання, матэрыялы.

«Штогод набіраць вучняў усё складаней»

На думку Вадзіма, нягледзячы на праблемы, магчымасці застацца ў адукацыйнай сферы ўсё роўна ёсць.

— Сапраўды, штогод усё складаней набіраць вучняў. Магчыма, яшчэ год-два — і я іх не знайду: трэба пераходзіць на англійскую і польскую мовы. Для беларускіх настаўнікаў я бачу і іншыя варыянты, як застацца ў сферы. Напрыклад, можна рыхтаваць да экзаменаў па Міжнародным бакалаўрыяце — гэта цяпер вельмі цэніцца. Ці рыхтаваць да брытанскіх або амерыканскіх экзаменаў.

Вадзім узгадвае, як дапамагаў аднаму са сваіх вучняў рыхтавацца да экзамену па матэматыцы на іспанскай мове. Беларус, як і яго вучань, мовы не ведалі — тэрміны ў задачах перакладалі і разбіралі разам.

— Я паказаў вучню, як, не ведаючы паловы сэнсу, усё роўна можна вырашыць задачу. Стараюся паводзіць сябе так, каб дзеці глядзелі на мяне і разумелі: я не нейкі сусветны розум, які ўсё ведае, а таксама, як і яны, раблю памылкі. Калі вучні гэта бачаць, у іх адразу павышаецца давер — пасля дзеці і самі перастаюць баяцца памылак у сваёй працы, — перакананы Вадзім.

Апошнія навіны