CBS News: Армія ЗША рыхтуецца да ваеннай аперацыі на Кубе
- 25.09.2026, 19:03
Амерыканскія вайскоўцы ўжо вядуць лагістычную падрыхтоўку.
Амерыканскія вайскоўцы вывучаюць магчымасці і вядуць лагістычную падрыхтоўку да патэнцыйных аперацый на Кубе. Да такой высновы прыйшлі журналісты CBS News, якія азнаёміліся з канфідэнцыйным лістом камандавання рэзерву арміі ЗША. Гэтую выснову таксама пацвердзілі некалькі амерыканскіх чыноўнікаў на ўмовах ананімнасці.
У лісце, разасланым розным камандаванням рэзерву, штаб удакладняе, ці магчыма перадаць у распараджэнне Паўднёвага камандавання Узброеных Сіл ЗША брыгаду ваеннай паліцыі, медыцынскую брыгаду і перадавы хірургічны атрад, батальён матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, інжынерны батальён і іншыя дапаможныя сілы.
Паводле паведамлення, падраздзяленні «магчыма, спатрэбяцца праз 90-120 дзён». Паўднёвае камандаванне адказвае за ваенныя аперацыі і супрацоўніцтва ў сферы бяспекі ў краінах Цэнтральнай, Паўднёвай Амерыкі і Карыбскага басейна. У лісце Куба не згадваецца, журналісты CBS News самі зрабілі такое дапушчэнне і атрымалі пацвярджэнне ад сваіх крыніц.
У дакуменце таксама няма ўказання, колькі людзей можа спатрэбіцца, куды іх могуць накіраваць, і не гаворыцца, што нейкія падраздзяленні ўжо атрымалі загады аб разгортванні. У самім Паўднёвым камандаванні на запыт CBS News адмовіліся каментаваць інфармацыю, спаслаўшыся на «меркаванні аператыўнай бяспекі».