BE RU EN

Крысціна Ціманаўская: Мой бацька знаходзіцца пад хатнім арыштам

  • 26.09.2026, 12:12

Спартсменка не бачылася з ім пяць гадоў.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманаўская, якая выступае за зборную Польшчы, расказала польскаму выданню Sport.pl пра сваю сям’ю, што засталася на радзіме. Яны не бачыліся каля пяці гадоў. На публікацыю звярнуў увагу «Белсат».

Спартсменка адзначыла, што ў яе бацькоў «шмат праблем» і падкрэсліла, што не бачылася з імі з 2021 года.

З сваякамі яна не можа сустрэцца, бо яе бацька «знаходзіцца пад хатнім арыштам», а маці «побач з ім». Крысціна Ціманаўская не ўдакладніла, за што яе бацьку прызначылі пакаранне.

З бацькамі спартсменка перыядычна кантактуе па відэасувязі, але бывала, што «некалькі месяцаў запар» нават так не ўдавалася пагаварыць, бо да іх прыходзілі «розныя людзі», і гэта «было б для іх небяспечна».

У жніўні 2026 года Крысціна Ціманаўская, якая выступае за польскі клуб AZS-AWF (Варшава), паказала найлепшы ў гісторыі польскай лёгкай атлетыкі вынік на дыстанцыі 150 метраў сярод жанчын — 16,81 секунды.

У Польшчы беларуска апынулася ў выніку скандалу на Алімпійскіх гульнях у Токіа ў 2021 годзе, калі яе спрабавалі гвалтам вывезці з Японіі.

Апошнія навіны