BE RU EN

Беларус у Польшчы перамог у «справе Дубліна»

  • 28.09.2026, 10:05

Суд адмяніў рашэнне аб перадачы былога палітзняволенага ў Літву.

Алесь Папковіч з’ехаў у Польшчу адразу пасля вызвалення з беларускай калоніі ў чэрвені 2024 года. На той момант хутка ўдалося зрабіць толькі літоўскую візу, аднак па ёй былы палітзняволены адразу паехаў у Польшчу, дзе падаў заяву на міжнародную абарону. Што да беларуса, аднак, быў ужыты Дублінскі рэгламент, які дазваляе краіне Еўрапейскага саюза перадаць разгляд заявы аб міжнароднай абароне ў першую краіну ўезду або тую, што выдала візу. Міграцыйны орган Польшчы пастанавіў, што заяву Алеся аб абароне павінна разглядаць Літва, з візай якой ён уехаў у Польшчу, перадае «Белсат».

Былы палітзняволены не пагадзіўся з такім рашэннем, бо ў Польшчы жывуць абодва яго браты — старэйшы і малодшы. Старэйшы з сям’ёй ужо маюць міжнародную абарону. Малодшы прыехаў зусім нядаўна — ён таксама палітзняволены, быў вызвалены ў групе 123 палітзняволеных 13 студзеня 2025 года і вывезены ва Украіну. Малады чалавек таксама падаў заяву на міжнародную абарону.

Алесь таксама далучыў да скаргі медыцынскае заключэнне пра тое, што ягоны цяперашні псіхалагічны стан, выкліканы катаваннямі, перажытымі ў Беларусі, не дазваляе бяспечна пераехаць у іншую краіну, і што яму патрэбная пастаянная падтрымка сям’і. Рада ў справах бежанцаў палічыла гэты аргумент непераканаўчым.

Суд, аднак, стаў на бок беларуса і звярнуў увагу на тое, што Рада ў справах бежанцаў недастаткова ўважліва паставілася да жыццёвай сітуацыі Папковіча і разглядала яго справу з парушэннямі. У выніку суд скасаваў рашэнні ў абедзвюх інстанцыях аб прыпыненні разгляду заявы Алеся Папковіча аб міжнароднай абароне і перадачы яго Літве. Пастанова пакуль не ўступіла ў законную моц. Рада ў справах бежанцаў можа на працягу 30 дзён падаць апеляцыю.

«Пазітыўныя эмоцыі, хоць справа яшчэ не завершана, але сёння я вельмі ўсцешаны, бо ўсё вырашылася на маю карысць. Спадзяюся, што і далей так будзе, бо тут дэмакратычная краіна, і ўсе разумеюць, што гэта гуманітарная сітуацыя. Хачу падзякаваць людзям, якія прыйшлі, я вельмі рады і ўдзячны. Такая падтрымка — гэта вельмі важна. Я ўдзячны таксама польскаму боку», — падзяліўся ўражаннямі ад пасяджэння былы палітзняволены.

Падтрымаць Папковіча ў судзе прыйшло каля 20–25 чалавек. Сярод іх былі польская палітык, дэпутатка Еўрапарламента, кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Госеўска і дырэктар Офіса еўрадэпутата Ірэна Данільченка.

Малгажата Госеўска сустрэлася з кіраўніком Упраўлення ў справах замежнікаў, неўзабаве мусіць сустрэцца таксама са старшынём Рады ў справах бежанцаў, «каб больш ніколі не даходзіла да такіх абсурдных рашэнняў».

«Наперадзе яшчэ чарговыя справы, бо гэтыя тры, у якіх я ўдзельнічала, — не адзіныя. Адміністрацыя польскай дзяржавы спасылаецца на Дублін, не звяртаючы ўвагі на індывідуальныя сітуацыі, не ўнікаючы ў пакуты чалавека, якога гэта тычыцца, і ў тое, што ў Польшчы ў гэтых людзей ужо ёсць сем’і, апора або, напрыклад, лекар, які з’яўляецца псіхалагічнай падтрымкай. Таму мы змагаемся, каб чыноўнікі польскай дзяржавы нарэшце зразумелі, да чаго яны былі пакліканыя», — падсумавала Госеўска.

Алесю Папковічу 35 гадоў. Ён правёў у беларускай турме амаль 2 гады. Быў затрыманы 2 верасня 2022 года і прысуджаны да 2 гадоў калоніі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Мужчына цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю 10 чэрвеня 2024 года.

Апошнія навіны