Кая Калас заклікала краіны ЕС перадаць Украіне ракеты Patriot
- 28.09.2026, 10:21
Міністры абароны сёння абмяркуюць гэтую магчымасць.
Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што ў панядзелак, 28 верасня, міністры абароны ЕС абмяркуюць магчымасць перадачы Украіне ракет-перахопнікаў для сістэм ППА Patriot са сваіх арсеналаў, піша «Украінская праўда».
«Украіна востра мае патрэбу ў супрацьпаветранай абароне. Мы зноў звяртаемся з гэтым заклікам да тых, у каго яны ёсць на складах… Яны могуць перадаць іх Украіне, каб ракеты Patriot, якія будуць вырабляцца пазней, папоўнілі іх запасы», — сказала яна.
Калас у кулуарах пасяджэння Рады ЕС на ўзроўні міністраў абароны нагадала, што Еўрапейскі фонд міру таксама нарэшце разблакаваны — і яшчэ 1 млрд еўра будзе накіраваны на сумесныя закупкі зброі для Украіны.
Перад гэтым паведамлялася пра магчымасць таго, што адна з краін-членаў ЕС або некалькі краін перададуць Украіне ўжо наяўныя ў іх перахопнікі для Patriot, а Украіна скарыстае сродкі з 90-мільярднага крэдыту, каб замовіць такую ж колькасць ракет для гэтай краіны ў вытворцы ў ЗША. Паводле СМІ, такімі дзяржавамі могуць стаць Іспанія або Грэцыя.