Генерал Білецкі: Сотні акупантаў здаліся ў палон
- 28.09.2026, 11:32
Расіяне праспалі ключавы ўдар ЗСУ.
Украінскія вайскоўцы паспяхова праводзяць контрнаступленне на Ліманскім напрамку і ўзялі ў палон больш за 250 чалавек. Пра гэта паведамляе Трэці армійскі корпус ЗСУ.
Байцы корпуса вызвалілі Новае, Рэдкадуб і Якатэрынаўку, а таксама вярнулі кантроль над Карпоўкай і Наваміхайлаўкай. Страты праціўніка склалі 2000 чалавек, больш за 250 расіян трапілі ў палон.
Так завяршыўся трэці сезон «Вівальдзі», які ў корпусе назвалі пераломным для ўсёй аперацыі. За яго корпус вярнуў яшчэ 51 км украінскай зямлі, а з пачатку наступальных дзеянняў — 176 км.
Галоўнай мэтай трэцяга сезона стала Новае — ключавы пункт праціўніка на плацдарме. Камандзір Трэцяга армійскага корпуса, брыгадны генерал Андрэй Білецкі, патлумачыў, што той, хто кантралюе вышыні вакол гэтага населенага пункта, валодае ініцыятывай на плацдарме.
«Праціўнік быў перакананы, што галоўны ўдар прыйдзецца на напрамак Шандрыгалава — Зялёная Даліна. Гэта прымусіла яго бяссэнсоўна спальваць свае рэзервы ў контратаках менавіта там. Расіяне праспалі сапраўдны ўдар, які быў сканцэнтраваны на ўзяцці Новага», — заявіў Білецкі.
Для прарыву абароны корпус выкарыстаў уласную распрацоўку: савецкія БТР-60, ператвораныя ў робатызаваныя комплексы-камікадзэ. З іх дапамогай узарвалі самыя трывалыя ўмацаванні ворага.
Расіяне здаваліся ў палон цэлымі падраздзяленнямі, разам з афіцэрамі, лётчыкамі і артылерыстамі.