У Мінску сабатуюць рашэнне Лукашэнкі
- 28.09.2026, 13:51
Пасля яго дакарання горад усё яшчэ завешаны банерамі анлайн-казіно.
Мінчукі дзеляцца, што горад па-ранейшаму абвешаны рэкламай казіно, піша «Салідарнасць».
Нагадаем, у першай палове верасня Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з рэкламай ігральнага бізнесу і высветліць, чаму ў краіне «ўсе гэтага гусака круцяць».
Ужо праз тыдзень чыноўнікі афіцыйна агучылі, што ў Беларусі прапануецца цалкам забараніць рэкламу ігральных устаноў анлайн; у вонкавай рэкламе выключэнні прадугледжаны толькі для шыльдаў.
Падобную рэкламу забароняць размяшчаць на транспарце і ў яго салонах, на прыпынках, чыгуначных і аўтавакзалах, у шматкватэрных дамах, гандлёвых цэнтрах і г.д.
Пакуль жа, як дзеляцца мінчукі, Мінск па-ранейшаму кішыць рэкламай казіно.
«Гусі, расійскія акцёры і спартоўцы, што рэкламуюць анлайн-казіно. Аж у вачах мільгае. Вось, напрыклад, свежанькі гусак на Нямізе», – дзеліцца чытачка «Салідарнасці».