BE RU EN

Скандальны расійскі генерал Лапін атрымаў «цёплае месца»

  • 28.09.2026, 14:10

Вайсковец, які праваліў абарону Курскай вобласці, прызначаны віцэ-прэм'ерам Татарстана.

Былы камандуючы групоўкамі войскаў «Цэнтр» і «Поўнач», расійскі генерал-палкоўнік Аляксандр Лапін, які праславіўся гучнымі ваеннымі праваламі падчас вайны з Украінай, стане віцэ-прэм'ерам Татарстана. Пра гэта паведаміў кіраўнік рэспублікі Рустам Мінніханаў падчас штогадовага паслання Дзяржсавету. Ён удакладніў, што Лапін будзе кураваць новае падраздзяленне ўрада рэгіёна па пытаннях падтрымкі ўдзельнікаў «СВО» і іх сем'яў, піша The Moscow Times.

Да верасня 2025 года Лапін служыў у Узброеных сілах Расіі, адкуль быў звольнены. У 2022 годзе генерал узначальваў Цэнтральную ваенную акругу і групоўку «Цэнтр», якая ўдзельнічала ва ўварванні Расіі ва Украіну з поўначы. У верасні таго ж года ў выніку контрнаступу ўкраінскіх войскаў групоўка пад кіраўніцтвам Лапіна была выбіта з Харкаўскай вобласці. У 2024 годзе генерал адказваў за абарону Курскай вобласці, частка якой перайшла пад кантроль ЗСУ падчас наступу. Вярнуць тэрыторыю расійскім войскам удалося толькі напрыканцы красавіка 2025 года — праз дзевяць месяцаў цяжкіх баёў і з прыцягненнем паўночнакарэйскіх падраздзяленняў.

Таксама, узначальваючы групоўку войскаў «Поўнач», Лапін у маі 2024-га пачаў наступ у Харкаўскай вобласці, які не прывёў да заяўленых расійскім камандаваннем мэтаў. Лапін падвяргаўся рэзкай крытыцы, у прыватнасці з боку кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, які называў яго «бяздар, якога пакрываюць наверсе кіраўнікі ў Генштабе». Кадыраў таксама патрабаваў разжалаваць генерала да шараговага пасля адступлення расійскіх войскаў з Лімана.

Акрамя іншага, на пасадзе камандуючага Цэнтральнай ваеннай акругай Лапін асабіста ўзнагародзіў свайго сына Дзяніса, камандзіра 1-га гвардзейскага танкавага палка, які ўдзельнічаў у правальным наступе на Чарнігаў і Сумы. Сюжэт пра ўзнагароджанне вайскоўцаў, сярод якіх быў сын Лапіна, выпусціў тэлеканал Мінабароны РФ «Звезда». Пры гэтым украінская разведка перахапіла перамовы, з якіх вынікала, што падраздзяленне панесла сур'ёзныя страты.

Апошнія навіны