Сенатар-рэспубліканец жорстка раскрытыкаваў Трампа
- 28.09.2026, 14:24
Том Тыліс не саромеўся ў выказваннях.
У ЗША разгараецца гучны палітычны скандал вакол сына прэзідэнта Дональда Трампа. Сенатар-рэспубліканец Том Тыліс рэзка раскрытыкаваў Дональда Трампа-малодшага за карыбскую вясельную вечарыну, якую аплаціў расійскі алігарх з атачэння Уладзіміра Пуціна. Сітуацыю ён назваў «глупасцю на хадулях», піша The Independent.
Аднапартыйцы прэзідэнта ўсё настойлівей патрабуюць расследаваць дзеянні яго сына. Высветлілася, што саюзнік Пуціна Умар Крамлёў аплаціў частку ўрачыстасцяў з нагоды майскага вяселля Трампа-малодшага і свецкай львіцы Беціны Андэрсан на Багамах.
«Аматарскі ўзровень»: рэакцыя рэспубліканцаў
У эфіры праграмы State of the Union на CNN сенатар ад Паўночнай Караліны Тыліс не саромеўся ў выказваннях:
«Панове, гэта была проста глупасць на хадулях (абсурд найвышэйшай пробы — рэд.). Здавалася б, хтосьці мусіць разумець, як гэта выглядае збоку. Расійскі алігарх, да таго ж які ездзіў у складзе дэлегацыі ў Пекін, фінансуе вяселле на востраве для вельмі заможнай сям’і, яшчэ і звязанай з прэзідэнтам. Ды ладна вам, хлопцы, гэта нейкі аматарскі ўзровень», — заявіў Тыліс.
Па словах сенатара, скандал разгарэўся ў надзвычай няўдалы момант: да выбараў засталося 37 дзён, калі на полі патрэбныя прафесіяналы.
«Магчыма, Дон-малодшы зможа прывесці пераканаўчае тлумачэнне, чаму дзясяткі або сотні тысяч долараў ад алігарха пайшлі на вяселле на пляжы, але я вельмі хацеў бы гэта пачуць. На першы погляд, гэта выглядае не вельмі разумна», — дадаў ён.