У Оршы вернуць мурал з Караткевічам
- 28.09.2026, 17:50
Знікненне папярэдняга малюнка абурыла мясцовых жыхароў.
Сёлета вясной падчас рамонту дома №2 на вуліцы Марата ў Оршы быў знішчаны мурал, намаляваны да 90‑годдзя Уладзіміра Караткевіча у 2020 годзе. Цяпер яго аднаўляюць, заўважыла «Віцебская вясна».
Тарцовая сцяна гэтага дома выходзіць на вуліцу імя пісьменніка, і менавіта на ёй быў малюнак, зроблены аршанскім мастаком Дзмітрыем Талкачовым. Потым яго схавалі пад тэрмашубай, і факт знікнення ў горадзе славутасці, якую любілі і мясцовыя, і турысты, вельмі абурыў грамадскасць.
Цяпер на тым самым месцы зноў будзе мурал. Да 96‑годдзя пісьменніка (26 лістапада) яго абяцае скончыць мастачка Любоў Рабека, якая супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем Shakola art. У гэтым мастацкім жанры яна працуе толькі другі год.
Партрэт Уладзіміра Караткевіча будзе каляровым і на фоне прыроды. Раней на мурале, акрамя партрэта, былі малюнкі самога пісьменніка і цытаты з яго твораў. Радок «Быў. Ёсць. Буду» вырашылі пакінуць.