BE RU EN

Аперацыя «Барэль»: у РФ знішчаныя тысячы тон нафты

  • 28.09.2026, 17:58

Украінская разведка паведаміла пра дыверсію супраць расійскай чыгуначнай лагістыкі.

Рух супраціву «Свабода Расіі» правёў маштабную аперацыю «Барэль» у тыле дзяржавы-агрэсара РФ. У выніку дыверсій было знішчана больш за 10 тыс. тон нафты, а страты перавысілі $10 млн. Пра гэта 26 верасня паведаміла Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны.

Падчас аперацыі ўдзельнікі падполля падарвалі дзясяткі вагонаў-цыстэрнаў з нафтавай сыравінай. Таксама ім удалося парушыць працу асобных элементаў чыгуначнай лагістыкі, якую акупанты выкарыстоўваюць для перавозкі стратэгічных рэсурсаў і ваенных грузаў.

Паводле даных ГУР, аперацыі папярэднічала доўгая падрыхтоўка. Удзельнікі руху супраціву праніклі ў адпаведныя структуры праціўніка, здабылі засакрэчаныя звесткі і вызначылі ўразлівыя месцы расійскай лагістыкі.

Нафтавыя цыстэрны сталі мэтай падполля пасля таго, як у выніку удараў сіл абароны Украіны па нафтаперапрацоўчай і партовай інфраструктуры Расія пачала шукаць альтэрнатыўныя спосабы захоўвання і транспартавання нафты.

«Барэль» прадэманстравала: нават на ўласнай тэрыторыі дзяржава-агрэсар не можа гарантаваць бяспеку сваіх лагістычных маршрутаў», – падкрэслілі разведчыкі.

У ГУР адзначылі, што ўсе ўдзельнікі аперацыі знаходзяцца ў бяспецы.

Апошнія навіны