Бензін пачаў знікаць з заправаў у гарадах паблізу Масквы
- 28.09.2026, 20:07
Пасля ўдараў па трох ключавых НПЗ.
Блізкія да Масквы расійскія рэгіёны могуць стаць новым эпіцэнтрам паліўнага крызісу пасля серыі ўкраінскіх удараў, якім падвергліся ключавыя НПЗ, што забяспечваюць сталіцу, піша The Moscow Times.
За тыдзень з 19 па 25 верасня рэзка пагоршылася сітуацыя з палівам у Калуге, сведчаць дадзеныя сэрвісу «ГдеБенз», прааналізаваныя эканамістам Янісам Клюге. У горадзе з 300-тысячным насельніцтвам закрыта 40% АЗС, хоць яшчэ тыдзень таму амаль 80% АЗС прадавалі бензін без збояў і чаргі. На кожнай пятай кропцы выбудоўваюцца чаргі, і зафіксаваныя выпадкі, калі за бензінам стаяла больш за 100 машын.
З 23 верасня Калужская вобласць вярнула запраўку па цотных і няцотных днях у залежнасці ад першай лічбы рэгістрацыйнага нумара аўтамабіля. «Прыкметы стрэсу», піша Клюге, таксама назіраюцца ў Туле і Разані, дзе на 40% АЗС бензіну або няма, або па ім стаяць чаргі. Акрамя таго, пагоршылася сітуацыя ва Уладзіміры.
У верасні тры ключавыя нафтаперапрацоўчыя заводы, што забяспечваюць сталічны рэгіён, спынілі вытворчасць пасля ўдараў БПЛА: 6 верасня — Разанскі НПЗ, 17 верасня — «Ярославнефтеоргсинтез», а 20 верасня — Маскоўскі НПЗ «Газпром нефти».
Сярод гарадоў-мільённікаў, паводле дадзеных «ГдеБенз», найніжэйшая даступнасць паліва — у Ніжнім Ноўгарадзе. Размешчаны ў горадзе НПЗ «Лукойла» (НОРСІ) пацярпеў ад атакі 26 жніўня і спыняў вытворчасць. Паводле звестак крыніц Reuters, завод працуе на паніжанай магутнасці.
Санкт-Пецярбург, дзе кіламетровыя чаргі на АЗС узніклі на пачатку месяца пасля ўдару па ключавым абласным НПЗ у Кірышах, праблему з бензінам вырашыў: на 25 верасня ў горадзе больш за 80% АЗС былі адкрытыя і працавалі без чаргі.
Усяго за верасень восем расійскіх НПЗ спынілі працу з-за ўкраінскіх атак. Акрамя заводаў каля Масквы, перапрацоўку нафты спынілі «Пермнефтеоргсинтез» (ПермНОС) «Лукойла», Куйбышаўскі НПЗ «Роснефти», Навашахцінскі завод нафтапрадуктаў, а таксама Сызранскі і Саратаўскі НПЗ.
Паводле ацэнак Rystad Energy, аб’ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі адкатыліся да мінімуму за два дзесяцігоддзі — каля 4 млн барэляў у суткі, што на траціну ніжэй за сезонную норму. За першыя восем месяцаў НПЗ у сярэднім падвяргаліся ўдарам БПЛА раз на тры дні, і з 32 буйных расійскіх НПЗ гэтага пазбеглі ўсяго пяць. Усе яны знаходзяцца ў Усходняй Сібіры або на Далёкім Усходзе на адлегласці 3500–6500 км ад мяжы з Украінай, падлічыла Міжнароднае энергетычнае агенцтва (МЭА).