Загадалі вызваліць мінскія вуліцы ад «аўтахламу»
- 6.09.2026, 13:56
Тэрмін вызначылі да 1 кастрычніка.
Мінскія ўлады плануюць на працягу верасня ачысціць гарадскія двары і вуліцы ад аўтамабіляў, якія доўгі час стаяць без гаспадароў і фактычна ператварыліся ў аўтахлам.
Задачу завяршыць гэтую працу да 1 кастрычніка паставіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун на пасяджэнні рабочай групы, прысвечаным утрыманню і добраўпарадкаванню горада.
На сустрэчы таксама абмяркоўвалі развіццё паркавальнай прасторы і адпаведнай інфраструктуры. Генеральны дырэктар аб’яднання «Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі» Андрэй Зыряноў асобна звярнуў увагу на праблему кінутых аўтамабіляў, якія займаюць месцы ў дварах і на вуліцах. Пасля гэтага Алег Корзун даручыў на працягу месяца прыбраць аўтахлам з гарадской тэрыторыі.
Праблемай аўтахламу ў Мінску займаюцца ўжо не першы год. Яшчэ ў сакавіку 2024 года сталічная Дзяржаўная аўтаінспекцыя запусціла чат-бот, праз які гараджане могуць паведамляць пра кінутыя аўтамабілі.