BE RU EN

Беларус заўважыў у мінчукоў трэнд на «калгасінг»

  • 6.09.2026, 15:21

Здаецца, гэтае слова прыдумаў ён сам.

«Заўважыў тэндэнцыю: амаль усе мае мінскія знаёмыя 35+ рэзка ўдарыліся ў „калгасінг“», — звярнуў увагу карыстальнік Threads з Беларусі. Яго развагі знайшлі водгук: усяго за суткі пост прагледзелі больш за 100 тысяч разоў, а абмеркаванне разраслося прыкладна да паўсотні каментароў, піша «Зеркало». Дык што ж такое той самы «калгасінг»?

Паводле слоў Івана, падпісанага ў Threads як yul.enigma, «калгасінг» палягае ў тым, што «раней у гэтым узросце (35 гадоў і старэй. — Заўв. рэд.) штурмавалі кар’еру і тусаваліся да раніцы, а цяпер мяжа мараў — цішыня, шашлык і каб ніхто не чапаў».

«Хтосьці купляе старую хату пад Валожынам і рэстаўруе яе начамі, хтосьці кожныя выходныя ўцякае на дачу саджаць туі, хтосьці проста марыць з’ехаць з Мінска далей у глуш, — апісвае сітуацыю Іван. — Мінск пачаў душыць сваёй мітуснёй, заторамі і бясконцым шумам. Гэта і ёсць той самы крызіс сярэдняга веку па-беларуску? Ці горад і праўда стаў занадта таксічным для жыцця, і выратаванне толькі за МКАДам?»

У каментарыях тэма многіх кранула. Пераважна людзі прызнаюцца, што цяпер «мяжа іх мараў» сапраўды ў гэтым.

«Разумныя людзі зразумелі, што горад з яго каштоўнасцямі — х**ня на палцы. Сёння ты паспяховы кар’ерыст, а заўтра бамж на цеплатрасе. Зямля і свой дом — надзейна, і мае сэнс укладваць у яго ўвесь свой час і рэсурсы».

«Пацвярджаю трэнд. Пабудаваў альтанку, збіраю лісічкі. <�…> Хто зразумеў жыццё, той не спяшаецца…»

«Я гэта зрабіў у 30 гадоў, пераехаў за МКАД, працую ў Мінску. Усё ў меру: удзень гарадская мітусня, увечары цішыня і газон. А шашлык — гэта проста ежа, не свята».

«Мы таксама пад „калгасінгам“ з 20 сотак зрабілі 70 і паставілі дамок у стылі „некалгасінг“».

«Так, і яшчэ раз так. Надакучыла мітусня. Жыццё ад сезона да сезона. Ёсць магчымасць — мы ўжо на дачы. І гэта не ўзрост, гэта ўсведамленне, што прырода — гэта зазямленне ў псіхалагічным, фізічным, эзатэрычным планах. А ў будучыні — завесці курачак і казачак».

«Нам з мужам 50+, тры гады таму з’ехалі ў вёску, за 30 км ад Мінска. У горадзе вялікая кватэра ў цэнтры. Хачу я назад, у горад? Не!!! Працую дыстанцыйна, у горад прыязджаю 1–2 разы на тыдзень. Вяртаюся ў вёску з пачуццём, што горад забірае ў мяне энергію. Так, трэба касіць, чысціць снег. Але гэта цудоўна!»

Апошнія навіны