ISW раскрыў сапраўдныя мэты Крамля
- 7.09.2026, 7:44
Пуціну патрэбны не толькі Данбас.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы са спецпрадстаўнікамі прэзідэнта ЗША назваў Данбас «пытаннем усёй вайны», бо расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін паставіў Данецкую і Луганскую вобласці ў цэнтр сваіх ультыматыўных патрабаванняў да Украіны. Аднак насамрэч патрабаванні кіраўніка РФ выходзяць па-за межы гэтых дзвюх украінскіх абласцей.
На што яшчэ нацэліўся Пуцін, становіцца зразумела з дзеянняў яго арміі на фронце ва Украіне. Пра гэта гаворыцца у новым матэрыяле Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ўпэўненыя, што патрабаванні расійскага дыктатара выходзяць па-за межы Данецкай і Луганскай абласцей. Пра гэта сведчыць ягоная прамова 2024 года са сфармуляваным ультыматумам Украіне, на якую і сам Пуцін, і расійскія чыноўнікі розных узроўняў пастаянна спасылаюцца. Ды і ваенныя аперацыі, што праводзіць РФ, указваюць на тое, што апетыты Расіі значна шырэйшыя.
У ISW лічаць, што частка наступальных аперацый РФ, якія працягваюцца па ўсёй лініі фронту, была б залішняй, калі б Крэмль імкнуўся толькі да захопу ўсёй Данецкай вобласці.
Расіяне праводзяць «маштабныя наступальныя аперацыі» таксама на поўначы Сумскай і Харкаўскай абласцей, што можа быць часткай рэалізацыі патрабавання Пуціна аб стварэнні «буфернай зоны» ўздоўж расійска-ўкраінскай мяжы.
У той жа час расійскія войскі адначасова праводзяць наступальныя аперацыі ў Запарожскай вобласці, каб злучыцца з Арэхіўскім і Гуляйпольскім напрамкамі для прасоўвання на горад Запарожжа, абыходзячы ўкраінскія абарончыя пазіцыі на поўдні.
«Гэтыя наступальныя дзеянні з'яўляюцца больш маштабнымі і дарагімі, чым тыя, што спатрэбіліся б проста для таго, каб адарваць украінскія войскі ад абароны Данбаса, і яны таксама наўпрост не падтрымліваюць намаганні Расіі па захопе астатняй часткі Данецкай вобласці. Аднак яны пераследуюць іншыя, выразна заяўленыя Пуціным мэты. Менавіта таму яны працягваюцца, і менавіта таму Пуцін наўрад ці спыніць баявыя дзеянні, нават калі расійскім войскам удасца захапіць усю Данецкую вобласць, што само па сабе застаецца малаверагодным», — рэзюмавалі ў ISW.