BE RU EN

У Гомелі вырашылі зладзіць паказуху

  • 7.09.2026, 11:57

Мясцовыя жыхары абураныя.

Жыхарка мікрараёна Касцюкоўка падзялілася эмоцыямі ў сувязі з візітам старшыні Гомельскага гарвыканкама Руслана Пархамовіча. Яна размясціла ў сацсетках відэа, якое назвала крыкам душы, і адзначыла, што «справядлівасць і сумленнасць трэба шукаць у слоўніках», піша «Флагшток».

Гамяльчанка Марына распавяла, што 5 верасня кіраўнік гарвыканкама прыязджаў у гэты былы гарадскі пасёлак:

«Паглядзеў садок, нейкія мерапрыемствы. Але сутнасць у тым, што: у нас проста за ноч змялі ўсё лісце, у нас зрубілі дрэвы, у нас вывезлі ўсё смецце. У нас раптам стала вельмі прыгожа».

Высветлілася, што Пархамовіч прыязджаў у Касцюкоўку для паказушнага ўдзелу ў абласным суботніку. Ён насіў дошкі на тэрыторыі дзіцячага садка №36, у будынку якога ідзе капітальны рамонт. Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, «побач з кіраўніцтвам горада працавалі прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, актывісты БРСМ».

Як вынікае са слоў жыхаркі Касцюкоўкі, усю астатнюю тэрыторыю мікрараёна, якая даўно прыйшла ў заняпад, прывялі да ладу сіламі ЖКГ напярэдадні прыезду кіраўніка гарвыканкама.

«Паказуха — наша ўсё», — адрэагавалі ў каментарыях.

«А можна запрасіць «мэра» ў Шведскую Горку? ЖКГ туды ўвогуле не заходзіць, трава за лета ні разу не скошана, смецце валяецца», — напісаў іншы карыстальнік.

Яму адказалі, што прыедзе, калі выдзеляць грошы на які-небудзь аб'ект у мікрараёне, або калі будзе новы «а-ля суботнік».

Апошнія навіны