BE RU EN

Левандоўскі супраць Месі: галоўная падзея MLS адбудзецца ў Чыкага

  • 7.09.2026, 19:56

Супрацьстаянне двух былых лідараў «Барселоны» выклікала павышаную цікавасць у заўзятараў.

10 верасня ў Чыкага адбудзецца адзін з самых чаканых матчаў рэгулярнага чэмпіянату MLS — «Чыкага Фаер» Роберта Левандоўскага прыме «Інтэр Маямі» Ліянэля Месі. Пачатак сустрэчы запланаваны на 3:30 ночы па мінскім часе.

Сустрэча на Soldier Field стане першай у гэтым сезоне, калі Левандоўскі і Месі змогуць выйсці адзін супраць аднаго ў MLS. Папярэдняя сустрэча каманд у Маямі адбылася ў ліпені, аднак тады Месі прапусціў матч пасля фіналу чэмпіянату свету. «Інтэр» перамог з лікам 3:2, а Левандоўскі дэбютаваў у амерыканскім чэмпіянаце.

З таго часу польскі форвард паспеў стаць адным з галоўных герояў «Чыкага». Левандоўскі ўжо забіў пяць галоў і аддаў дзве галявыя перадачы у васьмі матчах MLS, а на пачатку жніўня атрымаў узнагароду «Гулец дня» пасля дубля ў хатнім матчы з «Шарлот».

Месі падыходзіць да прынцыповага матчу таксама ў выдатнай форме. У апошняй гульні супраць «Атланты» аргенцінец зрабіў дзве галявыя перадачы ў матчы, што завяршыўся ўнічыю 2:2, і давёў свой сезонны паказчык да 18 галоў і 12 асістаў. Гэта ўжо трэці сезон у гісторыі MLS, у якім Месі набірае прынамсі 30 выніковых дзеянняў.

Такім чынам, матч у Чыкага абяцае стаць не проста чарговым турам MLS. На полі сустрэнуцца два былыя лідары «Барселоны», а супрацьстаянне Левандоўскі — Месі стане адной з галоўных вывесак амерыканскага футболу гэтай восенню. Паводле звестак польскіх СМІ, цікавасць да гульні настолькі высокая, што вакол Чыкага з’явіліся спецыяльныя рэкламныя шчыты з афішай двубою дзвюх зорак.

Апошнія навіны