«Найбольш легендарная Беларусь усіх часоў»
- 7.09.2026, 21:11
Венгр, нечакана для ўсіх, зрабіў стаўку на нашу краіну і стаў чэмпіёнам свету.
Пераможцам чэмпіянату свету па браўзернай гульні GeoGuessr, які прайшоў у Берліне (Германія), стаў 21-гадовы венгр Сабольч Дэбрэ. Падчас аднаго з вырашальных раундаў фіналу ён здзейсніў так званы «ход Беларуссю» (Belarus hedge), зрабіўшы стаўку на тое, што на здымку — Беларусь, нягледзячы на тое, што фатаграфій вуліц нашай краіны ў Google Maps няма, піша RTVI.US.
Сусветныя першынствы па GeoGuessr праводзяцца з 2023 года распрацоўшчыкамі гульні. Яе сутнасць у тым, каб адгадаць месца здымкі той ці іншай выявы сэрвісу Google Street View у межах Google Maps.
Выява дэманструецца гульцам выпадковым чынам без дадатковых падказак, пасля чаго яны павінны паставіць кропку на карце ў месцы, дзе яна магла быць зробленая. Чым меншая адлегласць паміж пастаўленай кропкай і рэальным месцам — тым больш налічваецца ачкоў.
Каб правільна вызначыць лакацыю, гульцы звычайна звяртаюць увагу на пейзаж на фота, мову шыльдаў і характар дарожнага руху, а таксама выкарыстоўваюць іншыя дэдуктыўныя метады. За апошнія гады гульня стала папулярнай сярод вядомых сусветных стрымераў.
У суботу, 5 верасня, у вырашальным матчы фіналу GeoGuessr World Championship — 2026, прызавы фонд якога склаў 100 000 долараў, сышліся прадстаўнік Францыі Мацьё Уэ (Blinky) і венгр Дэбрэ. Папярэдні ўладальнік тытула, гулец з ЗША Раду Касапу, выбыў на больш ранняй стадыі.
Апошняй паказанай гульцам стала выява пустыннага пейзажу ў Намібіі, месцазнаходжанне якой Дэбрэ вызначыў амаль з ідэальнай дакладнасцю (француз вырашыў, што гэта Аргенціна).
Да гэтага ім прадэманстравалі нейкі мост праз раку, на якім стаялі і рыбачылі двое мужчын. На заднім плане летняга пейзажу былі відаць прыватныя домы, агароджы і цяпліца.
Француз зрабіў стаўку на тое, што на здымку Украіна, а венгр, на здзіўленне каментатараў, указаў Беларусь, якая не мае афіцыйнага пакрыцця сэрвісу Google Street View.
«Беларускі манеўр» спрацаваў — пазначаная Дэбрэ кропка на карце аказалася бліжэй да рэальнага месца здымкі. Здымак насамрэч быў зроблены ў Расіі недалёка ад мяжы з Эстоніяй.
Прыхільнікі гульні засталіся ў захапленні ад рашэння чэмпіёна — як пішуць карыстальнікі Reddit, да яго ніхто ў фіналах чэмпіянатаў не выкарыстоўваў гэты метад. Такі ход грунтуецца на здагадцы, што месца так ці інакш знаходзіцца ва Усходняй Еўропе.
«Найбольш легендарная Беларусь усіх часоў», — гаворыцца ў папулярнай публікацыі ў групе прыхільнікаў GeoGuessr, якія таксама назвалі гэта найлепшым тролінгам у гісторыі гульні.