BE RU EN

8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы

  • 8.09.2026, 7:54

Перамоглі ў 1514-м — пераможам і сёння!

512 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага Княства Літоўскага разграмілі арміі Маскоўскага княства, якія пераўзыходзілі іх амаль утрая.

Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі яго войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адзін з галоўных герояў Аршанскай бітвы — гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30-тысячнае войска ВКЛ, якое поўнасцю разбіла 80-тысячную маскоўскую армію. Князь, Брацлаўскі і Вінніцкі староста, Троцкі ваявода, на той час правёў больш за пяцьдзясят паспяховых бітваў супраць крымскіх татар.

Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юры Радзівіл «Геркулес», асобнымі атрадамі — слуцкі князь Юры Алелькавіч і Іван Сапега.

Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў у многім была абумоўленая масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, што для пачатку XVI стагоддзя было сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве.

Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вырашальную ролю ў разгроме саманадзейных ваяводаў Івана Чэлядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы.

Астрожскі выставіў супраць маскавітаў тры тысячы дасведчаных стральцоў, яшчэ і з гарматамі. Яны білі ворага не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь наступальны баявы парадак наскрозь.

Адметнай была і падрыхтоўка, праведзеная гетманам напярэдадні генеральнай бітвы, калі неабходна было ўтайком выстаўіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гармат лёгкую кавалерыю, якая адціснула маскавітаў ад наведеных праз раку Днепр мастоў.

Імі і прайшлі возы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя ВКЛ выканала таксама завабны манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Сігізмунд Герберштэйн у вядомых «Запісках пра Масковію» (1549), маскоўскія ратнікі трапілі пад масіраваны агонь артылерыі ВКЛ. Змятаючы першыя рады, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гармат на мэты ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна пушкары Астрожскага сваім баявым майстэрствам падрыхтавалі рашучую контратаку цяжкай конніцы, закутай у латы максіміліянаўскага тыпу, якая наносіла ўдар кап’ямі ў зімкнутай лініі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі разбітых ворагаў да берага ракі Крапіўны, у водах якой патанула мноства воінаў Масковіі.

Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, якія выношвалі маскоўскі цар і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. Паводле іх Вялікае Княства Літоўскае павінна было спыніць сваё існаванне як незалежная дзяржава, а яго землі — адысці Маскве.

У бітве пад Оршай наша краіна адстаяла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскай дзяржавы. Бітва сарвала вялікі саюз Свяшчэннай Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татар і Маскоўскага княства. Пасля яе германскі імператар адмовіўся ад саюзу з Масквой і ўступіў у саюз з вялікім князем літоўскім і польскім каралём.

Святкаваць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 1980-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Мінску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Мінску да прысягі былі прыведзены 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе армейскія часткі.

Беларусы і сёння працягваюць слаўныя традыцыі гетмана Астрожскага і сваіх продкаў, змагаючыся ў складзе добраахвотніцкіх злучэнняў супраць расійскай арміі ва Украіне.

Вайсковую славу беларусаў, здабытую пад Оршай, штодня пацвярджаюць беларускія добраахвотнікі ва Украіне. Байцы палка адшліфавалі сваё майстэрства ў баях на самых складаных участках фронту.

Вайсковыя эксперты высока ацэньваюць ваеннае майстэрства і досвед беларускіх добраахвотнікаў.

«Перамоглі ў 1514-м — пераможам і сёння!».

Апошнія навіны