Сапраўдная шклянка нафты
- Міхаіл Крутыхін
- 8.09.2026, 10:14
«Восток ойл» — локшына на вушах Пуціна.
Арктычны нафтапорт «Бухта Север» запрацаваў на экспарт паводле праекта «Восток ойл». Шатл-танкер «Валентін Пікуль», які 84 дні чакаў запаўнення каля пакуль што адзінага нафтаналіўнага прычала, гатовы рушыць па Паўночным марскім шляху ў напрамку Кітая. На падыходзе — другі такі ж танкер «Акадэмік Губкін» водазмяшчэннем 120 тысяч тон.
Судны, пабудаваныя паводле праекта Samsung AST69K у выглядзе сегментаў у Паўднёвай Карэі і звараныя ў адзінае цэлае на верфі «Звезда» ў Прымор'і, будуць абслугоўваць транспартаванне нафты з новага порта. Як заяўляе «Роснефть», для гэтага спатрэбіцца не менш за 40 танкераў і больш за 10 суднаў забеспячэння, у тым ліку ледовага класа.
Увесь гэты флот яшчэ трэба пабудаваць.
Небывалыя 30 млн тон
Урачыстая цырымонія загрузкі «Валентіна Пікуля» і ўводу ў эксплуатацыю «Бухты Север» не абышлася без хлусні. Пачнём з таго, што генеральны выканаўчы дырэктар «Роснефти» Ігар Сечын далажыў Пуціну, што новыя танкеры маюць сёмы арктычны клас, хоць у суднавых рэгістрах яны значацца пад шостым класам.
А далей пайшла ўжо зусім несусветная ахінея.
Па словах Сечына, «Восток ойл» у другім паўгоддзі 2027 года забяспечыць пастаўку каля 30 млн тон нафты, а ў перспектыве — у выпадку рыначнай патрэбы і спрыяльнай эканамічнай кан'юнктуры — можа даваць да 100 млн тон у год.
Разбярэмся з заяўленымі мільёнамі. Каб экспартаваць 30 млн тон нафты ў год, у «Бухце Север» трэба штодзённа (!) загружаць 6–8 танкераў класа Aframax ёмістасцю ад 80 тысяч да 120 тысяч барэляў кожны — у арктычным выкананні. Такой колькасці суднаў няма не тое што ў «Роснефти», але і на сусветным рынку. Праводка такіх танкераў па Паўночным марскім шляху, асабліва ў яго ўсходняй частцы, магчымая каля трох месяцаў на год, і то пры магутнай ледакольнай падтрымцы.
Нагадаем, што абсалютна нерэалістычная абяцанка адгрузкі 30 млн тон у год (а не за паўгоддзе, як у новых заявах) фігуравала ў гутарцы Сечына з Пуціным у лістападзе 2020 года. Тады кіраўнік «Роснефти» без ценю сораму заверыў начальніка, што праект выйдзе на такі паказчык экспарту ўжо ў 2024 годзе, хоць на аб'ектах «Восток ойл» у той перыяд і конь не валяўся.
30 млн тон праект не адправіць на экспарт ні ў другім паўгоддзі 2027 года, ні за ўвесь год. Ёсць падставы меркаваць, што здабыча «Восток ойл» будзе значна меншая, чым сцвярджаюць у «Роснефти».
Небывалыя рэсурсы
У цяперашнім выглядзе праект складаецца з двух кластараў нафтаздобычы: Пайяхскага і Ванкорскага. З цягам часу ад яго «адваліліся» як бесперспектыўныя ўчасткі Усходне-Таймырскага кластара. Калі верыць кіраўніцтву «Роснефти», тут ствараецца «новая нафтавая правінцыя сусветнага маштабу з рэсурснай базай больш за 7 млрд тон высокай якасці нафты з утрыманнем серы ад 0,01% да 0,1%».
Словы «рэсурсная база» прымусяць насцярожыцца любога, хто знаёмы з нафтагазавай геалогіяй. У расійскай класіфікацыі рэсурсы — гэта зусім не запасы, якія можна ўводзіць у распрацоўку. Рэсурсы адлюстроўваюць магчымую, гіпатэтычную наяўнасць нафты, не даказаную бурэннем пошукава-разведачных свідравін. Усе эксперты, апытаныя аўтарам, прызнаюць, што заяўленых 7 млрд тон нафты ў «Восток ойл» няма.
У Пайяхскім кластары выяўлены два радовішчы: Пайяхскае і Заходне-Іркінскае. Патэнцыйна здабывальныя запасы нафты ў іх ацэньваюцца прыкладна ў 1,5 млрд тон, але яны адносяцца да «папярэдне ацэненых» і «неразведаных» у катэгорыях C1 і C2: пры далейшым даследаванні рэальная ацэнка, як правіла, істотна змяншаецца (мінус 30–50%).
Сітуацыя для распрацоўшчыкаў Пайяхі ўскладняецца тым, што радовішчы размешчаныя ў вусці Янісея, у забалочанай непраходнай летам мясцовасці, а зімой — у найцяжэйшых умовах Запаляр'я. Нафта знаходзіцца ў пластах складанай геалагічнай будовы на глыбінях больш за 4 тысячы метраў і для здабычы патрабуе такіх тэхналогій, як гідраразрыў, што прадугледжвае дастаўку туды «флотаў» ГРП у складзе некалькіх дзясяткаў цяжкіх грузавікоў з абсталяваннем. Сабекошт здабычы абяцае быць зашквальным.
І на Ванкор у нафтавікоў надзей таксама мала. Гэты кластар складаецца з наступных радовішчаў: Ванкорскае, Сузунскае, Лодачнае, Тагульскае і Ічэммінскае. Здабывальныя запасы ацэньваюцца ў паўмільярда тон, але працяглая распрацоўка прывяла да іх знясілення. Пік здабычы каля 20 млн тон у год Ванкор прайшоў у 2017 годзе, утрыманне вады ў вадкасці, што паступае на паверхню са свідравін, дасягнула 84%, і больш за 7–8 млн тон у год кластар даць не ў стане.
Уключэнне Ванкора ў «Восток ойл» і звязаныя з гэтым выдаткі нічым, акрамя понтаў і паказухі, не апраўдана. У гэтага кластара даўно наладжана нармальная сістэма транспартавання нафты ў паўднёвым напрамку ў агульнарасійскую сістэму «Транснефти». Будаўніцтва новай, лішняй магістралі да арктычнага ўзбярэжжа даўжынёй 790 км пад менш чым сціплы аб'ём нафты не мае ніякага эканамічнага сэнсу.
Сапраўдная шклянка нафты
Яшчэ адзін прыклад хлусні пра нафтаносны патэнцыял «Восток ойл» — размова Сечына з Пуціным у жніўні 2020 года. Галоўны выканаўчы дырэктар «Роснефти» падарыў начальніку бутэльку з цёмнай вадкасцю — маўляў, «прэміяльная нафта», здабытая з 31-й свідравіны Заходне-Іркінскага радовішча і па якасці нібыта пераўзыходзіць блізкаўсходнія сарты.
Бяда ў тым, што бурэнне гэтай свідравіны (усе дакументы аб гэтай працы знаходзяцца ў распараджэнні аўтара) дазволіла пры выпрабаваннях атрымаць усяго два ўзоры нафты. Цытуем «Справаздачу аб даследаванні керна і пластавых флюідаў са свідравін Заходне-Іркінская-31, Заходне-Іркінская-32»: «У сувязі з нязначным аб'ёмам нафты ў камерах для адбору проб, узятых з глыбіні 4157,0 м, было прынята рашэнне стварыць аб'яднаную пробу пластавой нафты. Сумарны аб'ём пробы пластавой нафты склаў парадку 140 см3». У справаздачы таксама пазначана, што ў гэтых пробах было 70% вады і толькі 30% нафты.
Уся нафта, атрыманая з гэтай свідравіны (менш за шклянку), на момант размовы Сечына з Пуціным знаходзілася ў лабараторыі Цюменскага нафтавага навуковага цэнтра (ТННЦ), а не на стале ў крэмлёўскім кабінеце.
Спецыялісты галіны, якія не ўваходзяць у катэгорыю праўладных экспертаў, адзінадушныя: «Восток ойл» не дасць столькі нафты, колькі абяцае Сечын, хоць у яго ўжо ўкладзена каля 4 трлн рублёў. Можна нагадаць, што ад удзелу ў праекце, нягледзячы на доўгія ўгаворы, адмовіліся і заходнія, і кітайскія кампаніі. Угаварыць на фармальнае далучэнне да яго ўдалося толькі сінгапурскую кампанію Trafigura і кансорцыум швейцарска-нідэрландскай Vitol з таксама сінгапурскай Mercantile & Maritime.
Пазнаёміўшыся з праектам бліжэй, абодва «інвестары» яго пакінулі, аддаўшы перавагу не звязвацца з вульгарным распілам грошай без сур'ёзных камерцыйных перспектыў.
Міхаіл Крутыхін, The Moscow Times