Крэмль хоча схаваць велізарныя страты расіян ва Украіне
- 8.09.2026, 20:11
У Расіі ўпершыню вынеслі прысуд па абвінавачанні ў здымцы кладбішча «СВА».
У Яраслаўлі вынеслі прысуд 48-гадоваму мясцоваму жыхару Мікалаю Шчарбакову, які, паводле заяў уладаў, здымаў на камеру магілы расіян, загінулых на вайне ва Украіне, піша «Медиазона». Мужчыну інкрымінавалі дзяржаўную здраду (арт. 275 КК РФ) і прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Паводле версіі следчых, Шчарбакоў з кастрычніка 2024 года «сістэматычна» прыходзіў на кладбішча, каб здымаць месцы пахавання вайскоўцаў. У вердыкце, які вынес Яраслаўскі абласны суд, гаворыцца, што «сабраную інфармацыю яраславец праз мэсэнджар накіроўваў прадстаўнікам спецслужбаў Украіны».
Зыходзячы з апублікаванага прэс-службай суда здымка, можна выказаць здагадку, што Шчарбакова затрымалі зімой. Дзе менавіта, не ўдакладняецца. У канцы ліпеня ягоная справа паступіла ў суд. Невядома, ці прызнаў яраславец сваю віну. Гэта першы вядомы выпадак прысуду па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе за здымку кладбішча «герояў СВА», адзначае «Медиазона».
У канцы чэрвеня сілавікі затрымалі па аналагічнай справе, звязанай са здымкай магіл удзельнікаў вайны, некалькіх жыхароў Томскай вобласці. Ім інкрымінавалі дзяржаўную здраду «ў форме шпіянажу», а здымкі нібыта рабіліся за ўзнагароду ў інтарэсах украінскіх спецслужбаў. У тым жа месяцы за здымку на ваенным кладбішчы ў Екацярынбургу былі затрыманыя дзве дзяўчыны. Пасля гэтага на элітным гарадскім кладбішчы з’явілася таблічка, дзе наведвальнікам пагражалі крымінальнымі справамі аб дзяржаўнай здрадзе за фота магіл удзельнікаў «СВА», звярнула ўвагу «7×7».