У Гродне рыхтуюцца запусціць аэрапорт
Хмель агучыў «амбіцыйныя» планы гарвыканкама.
Аэрапорт у Гродне плануюць адкрыць бліжэйшай зімой. Адтуль разлічваюць запусціць рэйсы ў Маскву, Санкт-Пецярбург і Калінінград, а ў перспектыве — чартары на курорты, расказаў «Беларусь 4 Гродна» старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Паводле слоў Хмеля, у аэрапорце ўжо цалкам абнавілі ўзлётна-пасадачную паласу. Таксама адбыліся таргі на закупку навігацыйнага абсталявання, якое павінна паступіць восенню. Пасля яго ўстаноўкі трэба будзе вырашыць тэхнічныя пытанні і ўвесці абсталяванне ў эксплуатацыю.
«Я ўпэўнены, аэрапорт адкрыецца бліжэйшай зімой. Задача — прыцягнуць аператараў і авіякампаніі, якім будзе эканамічна мэтазгодна лётаць у Гродна», — заявіў Хмель.
Канкрэтных перавозчыкаў і рэгулярных маршрутаў пакуль няма. Сярод магчымых напрамкаў называюць Маскву і Санкт-Пецярбург. Паводле слоў Хмеля, цікавасць да авіязносін з Гроднам таксама ёсць у Калінінграда і расійскіх авіякампаній. У далейшым разлічваюць запусціць і чартарныя рэйсы на курорты.
1 верасня прэзідэнт Украіны публічна папярэдзіў замежных авіяперавозчыкаў і страхоўшчыкаў аб небяспецы расійскай паветранай прасторы. Украіна прыступіла да аперацыі па блакаванні аэрапортаў Масквы з дапамогай масіраваных атак беспілотнікаў. Раней паведамлялася, што аперацыя атрымала назву M&M’s. План, які распрацоўваўся як мінімум з пачатку 2026 года, прадугледжвае штодзённы запуск па авіявузле да 1 тыс. дронаў з штучным інтэлектам (ШІ). Блакіроўка паветранай прасторы над Расіяй можа наўпрост ударыць па рэйсах самалётаў «Белавія», для якіх закрыты доступ у паветраную прастору ЕС. Таксама гэта ставіць пад сумнеў планы ўладаў адносна аэрапорта ў Гродне.