BE RU EN

Прадукты даражэюць штодня

  • 5.10.2007, 23:35

Дастаткова беглага позірку на цэтлікі на Камароўскім рынку, каб зразумець – тут усё падаражэла, як і ў крамах.

Расчараваныя пакупнікі адыходзяць ад прылаўкаў, на якіх ціснуцца адзін да аднаго замарожаныя курыныя тушкі, піша "КП в Беларуси".

– Што гэта такое! Хацела курыцы купіць на вячэру, але выходзіць, танней катлет у гіпермаркеце ўзяць… – скардзіцца маладая маці з малым на руках.

І праўда – куры, якія яшчэ нядаўна каштавалі 5 – 6 тысяч, прадаюцца па 7100 рублёў за кг.

– Падаражэлі на мінулым тыдні, – тлумачаць прадаўцы. – Фабрыка, з якой мы працуем, проста падняла цэны. Без тлумачэння. Купляюць пакуль неахвотна, але што ж рабіць.

Падаражаў і алей. Яшчэ нядаўна ён каштаваў да 3 тысяч рублёў за бутэльку, а цяпер і за 4 тысячы ледзь знойдзеш!

– Алей даражэе штодня рублёў на 100 – 300, – узгадвае прадавец. – Ну вы ж разумееце, неўраджай. Сёння вось расейская «Слобода» каштуе ўжо 4 тысячы, «Солнечная семечка» – 4450 рублёў за літр. Колькі яшчэ будзе даражэць – невядома. Але наш гаспадар прагназуе, што да 5 тысяч за літр цана дакладна дойдзе.

Людзі як прадчуваюць – закупляюцца вялікімі пластыкавымі каністрамі алею па 23 тысячы за 5 л. Таму кропак, дзе іх яшчэ прадаюць, засталося не так шмат.

Відаць, «не ўрадзіліся» сёлета таксама смятана і сыр, якія апошнім часам таксама падаражэлі. Пустуюць хлебныя прылаўкі; амаль няма агуркоў і мала яблыкаў.

Нататка прэс-цэнтра Хартыі’97: Сайт лідэра Аб'яднанага грамадзянскага фронту Расеі Гары Каспарава Kasparov.ru "цытатай тыдня" назваў нядаўняе выказванне экс-кіраўніка Цэнтрабанка РФ Віктара Герашчанкі аб узроўні інфляцыі ў Расеі. "Прадукты за апошні год падаражэлі больш як у два разы. Што ж нам усе хлусяць? Якая ж... інфляцыя ў 9 працэнтаў у год?", – сказаў Герашчанка. Гэтыя словы вельмі падыходзяць і да сітуацыі ў Беларусі.

Апошнія навіны