Улады масава парушаюць Канстытуцыю
- 14.12.2007, 15:50
Улады забараняюць грамадзянам пратэставаць супраць адмены льгот. Заяўнікі пікетаў, правядзенне якіх прызначанае на 16 снежня, атрымліваюць адмовы пад рознымі чыннікамі.
Сайт www.ucpb.org адзначае, што калі раней адказы, атрыманыя заяўнікамі з розных органаў улады, пісаліся літаральна пад капірку, то гэтым разам службоўцы падышлі да працэсу «крэатыўна». Так заяўніку акцыі Г. Нахімовічу, які пражывае па вуліцы Любімава ў Менску, адмовілі на той падставе, што двор яго дому «не належыць да ліку аб'ектаў або будынкаў, размешчаных у межах горада Менска».
Сябру Палітрады АГП Валянціне Палевіковай адмовілі на той падставе, што дом, размешчаны на вуліцы Лесі Украінкі, у двары якога і быў заяўлены пікет, знаходзіцца на тэрыторыі засакрэчанага вайсковага аб'екта. Інакш як разумець фразу за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ціцянкова: «правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш як 50 метраў ад тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва». Валянціна Палевікова ўдакладняе, што ў двары дома ёсць толькі адзін «стратэгічны аб'ект» – гімназія, у якой вучыцца ўнучка Лукашэнкі.
Актывістцы «Маладых дэмакратаў» Наталлі Дзядок адмовілі без тлумачэння прычын. А актывісту «Маладых дэмакратаў» Віталію Стажараву ў адказ на заяву аб правядзенні пікету з Менгарвыканкама прыйшоў… пусты канверт.
Але найбольш моцнае пачуццё гумару прадэманстраваў старшыня выканкама в. Лугавая Слабада А.М.Сянчук. Ён, спасылаючыся на арт.6 закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах» адмовіў у правядзенні пікетаў грамадзяніну С.С Пачыкоўскаму «ў сувязі з неспрыяльнымі пагоднымі ўмовамі»