BE RU EN

Беларусь застаецца апошняй дыктатурай Эўропы

  • 13.10.2008, 8:55

Адна з найбольш аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў сьвету «Freedom House» апублікавала штогадовы рапарт, прысьвечаны стану дэмакратыі ў былых краінах сацлягеру.

Рапарт, названы «Nations іn Transit» («Пераходныя краіны») прадставіў перад польскімі экспэртамі дырэктар эўрапейскага офісу арганізацыі «Freedom House» Уладзімер Школьнікаў. У дасьледаваньні апісаная сытуацыя ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, Балканаў, Каўказу й Сярэдняй Азіі.

Ацэньваючы ўзровень дэмакратыі ў розных краінах, дасьледчыкі бралі пад увагу такія крытэрыі як: дэмакратычнасьць дзяржаўных уладаў, разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня, выбарчы працэс, разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці, незалежнасьць мас-мэдыяў, незалежнасьць правасудзьдзя і ўзровень карупцыі.

Найбольш дэмакратычнымі з усіх посткамуністычных краінаў прызнаныя Славэнія, Эстонія й Латвія.

У рэйтынгу дэмакратычнасьці Беларусь заняла 26 месца з 29 й апынулася ў катэгорыі моцных аўтарытарных рэжымаў разам з Таджыкістанам, Узбэкістанам і Туркмэністнам.

Няшмат хапае, каб патрапіць у гэтую катэгорыю такім дзяржавам, як Расея й Кыргыстан.

У рапарце “Nations іn Transit” зазначана, што апошнія 10 гадоў вялікага прагрэсу ў галіне дэмакратыі й правоў чалавека дасягнулі дзяржавы Цэнтральнай Эўропы, а таксама краіны Балтыі. Дэмакратызацыю ў гэтых краінах падштурхнула неабходнасьць уваходу ў Эўразьвяз.

На прасторы СНД апошнія 10 гадоў адбываецца адваротны працэс – канстатуюць экспэрты. Тут узмацняюцца аўтарытарныя рэжымы. Адзіным выключэньнем зьяўляецца Ўкраіна, дзе ўзровень свабоды пастаянна расьце.

Апошнія навіны