Большасць дачнікаў пазбавяцца дарагой землі пад Менскам
- 13.10.2008, 11:29
8 кастрычніка скончыўся тэрмін падачы дакументаў для рэгістрацыі дачных участкаў. Большая палова беларускіх дачнікаў можа ў хуткім часе пазбавіцца сваіх участкаў.
Паводле Ўказа Аляксандра Лукашэнкі №50 ад 28 студзеня 2008 года «Аб мерах па ўпарадкаванні дзейнасці садаводніцкіх таварыстваў» дачнікі-адзіночкі і дачныя кааператывы павінныя былі зарэгістраваць сваё права на выкарыстанне зямельнага ўчастку. У адваротным выпадку дача ў такіх карыстальнікаў можа быць адабраная.
Па стане на 7 кастрычніка сябрамі садаводніцкіх таварыстваў зарэгістравана 233 294 зямельных участкі, або толькі каля 45% ад іх агульнай колькасці (усяго жа ў краіне 521 520 участкаў), паведамляе «Ежедневник».
288 226 зямельных участкаў (а гэта каля 55,2% ад іх агульнай колькасці), якімі карысталіся сябры садовых таварыстваў, так і не былі зарэгістраваныя. Яшчэ 13 858 (каля 2,7%) заяваў на рэгістрацыю прынятыя, але яшчэ не апрацаваныя. Калі яны будуць задаволеныя, то ўсяго па краіне будзе зарэгістравана каля 47,7%.
Памочнік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі Валерый Крамар затрудняецца адказаць, ці былі адмовы ў рэгістрацыі.
«Мы не можам даць інфармацыю па адмовах за мінулыя адзін або два дні. Хто хацеў рэгістравацца - у таго мы дакументы прынялі, а там ўжо могуць паўстаць пытанні, але яны на працягу дня, двух, трох і нават тыдня не вырашаюцца. Гэтая інфармацыя будзе пазней», - адзначыў чыноўнік.
Невядома таксама, ці будуць падоўжаныя тэрміны падачы заяваў, што было б суцэльна лагічным рашэннем: бо незарэгістраваных участкаў больш, чым зарэгістраваных. Як зараз складзецца лёс спрэчнай зямлі, пакуль не зразумела, як не зразумела і тое, ці будзе яна адбірацца.
Як запэўніваў у верасні начальнік упраўлення ўліку земляў і ацэнкі нерухомай маёмасці Дзяржкаммаёмасці Аляксандр Даўжанкоў, масавага адбірання не прадбачыцца.
«Адбірацца зямля будзе толькі ў адпаведнасці з Указам прэзідэнта №667, гэта значыць у тым выпадку, калі ёю ніхто не карыстаецца або карыстаецца без належнага афармлення. Тут усе рашэнні будзе прымаць выканкам», - заявіў Аляксандр Даўжанкоў.
Выходзіць, толькі пасля прыняцця рашэння стане зразумела, ці будзе працаваць на ім ранейшы ўладальнік, ці з'явіцца новы або ён наўпрост зарасце быльнікам.
Цікаўна, як у дадзенай сітуацыі складзецца лёс вельмі прывабных для бізнэсу земляў у Менскім раёне. А калі ўлічыць той факт, што кошты на гэтыя ўчасткі імкліва растуць, пуставаць ім наўрад ці прыйдзецца.