Мядведзеў: Расея не будзе шкадаваць грошай на ўзбраенні
- 13.10.2008, 11:59
Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў заявіў, што дзяржава не будзе шкадаваць грошай на стварэнне новых відаў узбраенняў.
Як піша РИА "Новости", у суботу Мядведзеў падкрэсліў, што "праца па мадэрнізацыі ўзброеных сіл РФ пераследуе дзве асноўныя задачы".
"Задача нумар адзін - гэтае стварэнне прынцыпова новага аблічча ўзброеных сіл і стварэнне новых відаў узбраенняў, пастаноўка іх на баявое дзяжурства і выкарыстанне ў практычнай дзейнасці. Мы не будзем на гэта шкадаваць сродкаў. Гэта вельмі важна для падтрымання баяздольнасці нашых узброеных сіл", - сказаў Мядведзеў.
Задача нумар два, па ягоных словах, "стварэнне нармальных сацыяльных умоваў для вайскоўцаў". Мядведзеў нагадаў, што часткі пастаяннай баявой гатовасці будуць пераведзеныя з 1 студзеня на новы памер грашовага ўтрымання. "Гэта будзе годны памер, супастаўны з тым, які выплачваецца ў развітых дзяржавах", - запэўніў расейскі прэзідэнт.
Ён паведаміў, што "пасля ўсе часткі па меры іх пераходу да рэжыму пастаяннай гатовасці будуць пераведзеныя на новую структуру грашовых выплат".