BE RU EN

Жыхар Берасця ад адчаю стварыў сваю сцяну праўды (Фота)

  • 14.10.2008, 12:14

Жыхар Берасця Міхаіл Лукашэвіч пераўтварыў плот сваёй хаты ў своеасаблівую насценгазету – «Сцяну праўды», у якой крытыкуе ўлады.

«Прыязджалі тут і санстанцыя, і пажарныя, і міліцыя. Паздзіралі ягоныя планшэты, але ён іх балтамі прыкруціў. Ён з уладамі з самой “перабудовы” на нажах», - распавядае карэспандэнту «Еўрарадыё» сусед Міхаіла Лукашэвіча.

Сам жа аўтар «Сцяны праўды» не лічыць, што ў ягоных тэкстах занадта шмат палітыкі.

«Мяне цікавіць сэнс, а не абгортка. А што да плакатаў — хата гэтая мая, зямля мая. А няўжо няпраўда напісаная? Вось гэта — дакладная цытата з перадвыбарнага выступлення Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, калі ён яшчэ не быў кіраўніком краіны! Не адабраў, не дадаў — слова ў слова!» - кажа Міхаіл Лукашэвіч.

Ён распавёў, што некаторыя плакаты падпальвалі і абрывалі бульдозерам, але нягледзячы на гэта «сцяна» працягвае стаяць.

У часы СССР Міхаіл Лукашэвіч пісаў скаргі і ездзіў у Маскву скардзіцца ў французскую амбасаду. У Маскве яго і забралі ў “псіхушку”, дзе сілком уводзілі псіхатропныя прэпараты.

«Аміназон, цыкладон, галаперыдол…. Цыкладон — гэта страшная нарката, ледзь адышоў ад залежнасці. А вось даведка ад незалежнай псіхіятрычнай экспертызы, яе мне выдалі ў пачатку 1990-х. “Грамадзянін Лукашэвіч не хварэе на псіхічныя захворванні і не хварэў раней”, – распавядае берасцеец.

Міхаіл Лукашэвіч паказаў карэспандэнту Еўрарадыё і публікацыі ў часопісе “Крыніца”, у мясцовай газеце. Журналісты апісваюць звілісты лёс Лукашэвіча ў незалежныя ўжо часы. Працаваў максімум паўгады — пазнавалі аб маскоўскім следзе і звальнялі. Аднаўляўся праз суд, але пасля эн-нага разу больш не стаў. Прыладзіўся выжываць сам.

У міліцыі да Міхаіла Лукашэвіча ставяцца даволі спакойна.

«Лукашэвіч? Не, там усё ў парадку. Мае права. Плакаты не заклікаюць да рэвалюцыйных змен. Проста канстатуюць факт. Нам там рабіць няма чаго», - сцвярджае прадстаўнік Маскоўскага РАУС Берасця Юрый Сепусюк.

Апошнія навіны