BE RU EN

Толькі Зянон!

  • 14.10.2008, 12:45

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць, што прыпыніўшы санкцыі супраць Лукашэнкі і яго чыноўнікаў, Рада міністраў ЭЗ прыняла правільнае рашэньне.

“Гэта правільнае рашэньне. Апошнія гады, пасьля 2004 году, спатыкаючыся з эўрапарлямэнтарамі, я заўсёды ім казаў, каб яны паспрыялі Беларусі, каб гэтыя санкцыі адмянілі. Гэта было абсалютна недарэчнае рашэньне. Санкцыі заганяюць намэнклятуру ў Расею. Нам гэта нявыгадна. Гэтае рашэньне нічога, апрача шкоды, не прынесла”, -- заявіў Пазьняк у інтэрв’ю “Польскаму радыё”.

Паводле Пазьняка, наступнымі крокамі Эўразьвязу павінна быць адмена эканамічных санкцыяў і спрашчэньне працэдуры атрыманьня шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі.

“Народ тут абсалютна невінаваты, ён абсалютна ні пры чым. Тым часам ЭЗ выбудаваў “жалезную заслону”: вельмі дарагія візы для беларусаў, іх вельмі цяжка атрымаць. Пару тыдняў таму я быў на беларуска-летувіскай мяжы й бачыў гэты жалезны плот – гэта 900 км і ЭЗ гэта фінансуе. Такога ня было нават пры Савецкім саюзе. Увогуле ўся гэтая дэмакратыя й правы чалавека, пра якія кажа Эўразьвяз, у гэтай дэмакратыі няма месца для беларускага народу. Наступная задача – знайсьці гэтае месца. Беларускаму народу трэба яго культура, незалежнасьць, мова, спадчына. У той час, калі ўсё гэта вынішчаецца рэжымам, пра гэта ні гучыць ані слова”, -- лічыць палітык.

Зянон Пазьняк не спадзяецца, што адмена санкцыяў супраць чыноўнікаў прынясе імгненны вынік, але, паводле яго, гэта можа паспрыяць зьмене інтарэсаў кіроўнай намэнклятуры, зацясьненьню супрацы з Эўропай. “Чым больш будзе кантактаў з Эўропай, тым менш мы будзем залежныя ад Масквы” – лічыць ён.

Апошнія навіны