Сям'я з пяці чалавек гатовая была падарваць сябе
- 14.10.2008, 17:14
Берасцейка ў адчаі забарыкадавалася ўнутры свайго лядашчага жылля і трымала напагатове газавы балон.
СМІ ужо пісалі аб няпросты сітуацыі, якая склалася паміж Берасцейскім гарвыканкамам і жыхарамі дома 39 па вул. Дзяржынскага. Яму 91 год, з лістапада 2005-га прызнаны непрыдатным для пражывання. Аднак у сацыяльнае жыллё перасяліліся жыхары толькі тых кватэраў, якія былі адзінокія. Дзве сям'і працягваюць жыць у экстрэмальных умовах у надзеі, што ўладальнік, які выкупіў зямлю, дасьць ім жылплошчу па 15 метраў на чалавека.
Як піша Bulletinonline.org, на днях у офісе прафсаюза РЭП раздаўся трывожны званок берасцейкі Алены Цэлых. Яна паведаміла, што атрымала апавяшчэнне: заўтра іх будуць высяляць з аднапакаёвай кватэры. Прасіла аб дапамозе.
– Калі мяняць жыллё ў цэнтры Берасця, дык хаця б на трохпакаёвую ў спальным раёне, – кажа Алена Цэлых, маці траіх дзяцей. – За гэты час дом хацелі прызнаць культурна-гістарычным помнікам архітэктуры, рабілі запыт у Міністэрства культуры. Пасля абследавання – атрыманая адмова. А зараз я не магу датэлефанавацца ў Менск, але з дня на дзень павінен прыйсці адказ на нашу наглядную скаргу, дзе магчыма, вырашаць прыпыніць высяленне.
7 кастрычніка ў 9.00 актывісты РЭПу знаходзіліся каля дома № 39. Там ўжо стаяла група рабочых ЖЭСа. А у прызначаны час у 9.30 раніцы пад'ехаў бус сіняга колеру з надпісам "Рытуальная служба". З яго вышлі два міліцыянты, відаць, судавыканаўца і прадстаўніца ЖЭСа.
РЭПаўцы тлумачылі мінакам, што зараз будуць высяляць жыхароў, якія пражываюць у гэтай кватэры. Сітуацыя стала напружанай. Судавыканаўца з кімсьці доўга размаўляў па тэлефоне. Неўзабаве з'явіліся два чыноўнікі. Параіўшыся, працаўніца ЖЭСа пачала складаць акт. Падпісаўшы яго, незвычайная брыгада прайшла ў кв. № 6.
Стэлефанаваўшыся з Аленай, актывісты даведаліся, што яна з братам забіла дзверы знутры. Пасля таго як, судавыканаўца пакратаў ручку дзвярэй, Алена сказала: "У хаце, акрамя нас, знаходзяцца мае непаўнагадовыя дзеці, мне ўжо губляць няма чаго, каля дзвярэй стаіць газавы балон, пачнеце ўзламваць дзверы – падарву балон!"
Адсюль і збянтэжаннасць незвычайнай брыгады. Аказваецца машына, на якой яны прыехалі, магла і напраўду спатрэбіцца – яшчэ крыху і сітуацыя скончылася б вынасам не рэчаў, а цела жанчыны, якая была ў адчаі.
8 кастрычніка Алена Цэлых усёткі датэлефанавалася ў Менск і даведалася, што справа аб высяленні іх сям'і прыпыненая. У гарвыканкам факсам адпраўленае рашэнне, а Алена чакае доўгачаканую пошту.
Страшна падумаць, якія маглі быць наступствы, калі б паспрабавалі пачаць высяленне…