Франак Вячорка - на зьезьдзе БРСМ: «Дэпутаты» кажуць пра клопат аб студэнтах – а студэнты пазбаўленыя ільготаў»
- 29.10.2008, 19:25
З Цэнтральнага РУУС Менску вызвалілі лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхася Пашкевіча, затрыманных сёньня на зьезьдзе праўладнай арганізацыі БРСМ, які праводзіўся ў 90-ю гадавіну ленінскага камсамолу.
А палове на 14-ую моладзевыя актывісты прыйшлі ў Палац Рэспублікі, але ахова не прапусціла іх на мерапрыемства, не дазволіўшы зарэгістравацца нават у якасьці гасьцёў.
“А 13:40 мы зьліліся з масоўкай — студэнтамі-першакурсьнікамі ін’язу. А 14:00 пад відам студэнтаў гішпанскага і францускага аддзяленьня апранулі кашулі “Доброе сердце БРСМ”. А 14:10 нас пасадзілі ў самыя відныя месцы”, - піша ў сваім livejournal-е Франак Вячорка.
Паводле лідэра “Моладзі БНФ”, празь нейкі час зь іх ня стаў спускаць вачэй галоўны ідэоляг краіны Ўсевалад Янчэўскі, а там і ахоўнікі.
“Мы прасілі слова, але “дэпутаты” на гэта не адрэагавалі. Тады мы пачалі прамаўляць зь месца. Я сказаў: “Дэпутаты кажуць пра клопат аб студэнтах – зьвярніце ўвагу на тое, што студэнты пазбаўленыя ільготаў, - заявіў у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Франак Вячорка.
“Я ўстаў пасьля выступу віцэ прэм’ера Косінца. Сказаў на ўсю залю, што сьвяткаваньне ў незалежнай Беларусі 90 годзьдзя камсамолу — гэта поўны трындзец. Дэлегаты загудзелі, маўляў, што гэта такое. Тут далучыўся Франак, сказаў, што вас усіх пазбавілі льгот. Потым мы разам папрасілі нам пяць хвілінаў на выступ. Пасьля гэтага ўжо загудзеў прэзыдыюм, а заля, наадварот, сьціхла. Урэшце, прагаласавалі за далейшы парадак дня”, — паведаміў Міхась Пашкевіч “Нашай Ніве”.
“Некаторыя пачалі нам апладаваць. Як вядома, большасьць “дэпутатаў” ня мае цьвёрдай жыцьцёвай пазыціі. У асноўным на зьезьдзе прысутнічалі сагнаныя з розных навучальных установаў студэнты. І з нашага боку гэта была не проста акцыя, але канкрэтная праца з моладзьдзю, каб выказаць альтэрнатыўныя погляды”, - заявіў Франак Вячорка.
Прыкладна а 14:45 моладзевых актывістаў затрымалі.
“Нас гадзіну трымалі ў Палацу, пасьля завезьлі ў Цэнтральны РУУС. Там склалі пратакол па арт. 17.1 КоАП – “Дробнае хуліганцтва”. З нас зьнялі папругі, гальштукі. Паўтары гадзіны мы прасядзелі ў камэры. Пасьля прыйшоў начальнік РУУС і папрасіў прабачэньня, што нас затрымалі. Ён загадаў парваць пратаколы, і іх скасавалі. А нас адпусьцілі”, - падсумаваў Франак Вячорка.