Зноў даражэе гарэлка?
- 30.10.2008, 8:53
Адпускныя кошты на этылавы спірт з харчовай сыравіны падвышаныя ў Беларусі на 7%. Рашэнне аб гэтым змяшчаецца ў пастанове Міністэрства эканомікі №197 ад 24 кастрычніка.
Павелічэнне коштаў на этылавы спірт ініцыяванае канцэрнам «Белдзяржхарчпрам» у сувязі з ростам закупных коштаў на збожжа ўраджая 2008 года.
Адпускны кошт на спірт «Люкс», «Эліта», «Экстра», «Палессе», «Крышталь суперлюкс», «Парэчча Прэміўм» зацверджаны ў памеры 27,92 тысяч за дэкалітр (за 10 літраў).
Дарэчы, дзве паўлітровыя бутэлькі гарэлкі са спіртам «Люкс» цяпер каштуюць амаль 14 тысяч рублёў. А паўлітры самога спірту – 1400 рублёў. Бо з паловы літра спірту як раз і выходзіць дзве бутэлькі гарэлкі. Да спірту застаецца дадаць ваду, цукар, кіслату - таксама вельмі недарагія. Упакаваць і адправіць у краму. У выніку выходзіць - сама гарэлка каштуе капейкі, а больш за 50% яе кошту складаюць падаткі, акцызы, зборы, адзначае «КП в Беларуси».