BE RU EN

Чыноўнікі аб новым законе аб інфармацыі: «Правілы паводзінаў у інтэрнэце пакуль не ўводзяцца»

  • 9.10.2008, 12:08

«Палата прадстаўнікоў» «нацыянальнага схода» Беларусі прыняла сёння ў другім чытанні законапраект «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

«Законапраектам вызначаецца магчымасць доступа грамадзян да адкрытай інфармацыі, права на абарону прыватнай інфармацыі, метады абароны дзяржаўных інфармацыйных сістэм», - заявілі ў камісіі па прамысловасці, ТЭК, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтву «палаты».

Прадстаўляючы раней праект закона ў першым чытанні, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей заявіў, што неабходнасць прыняцця дадзенага закона выкліканая тым, што «развіццё інфармацыйных тэхналогій зрабіла інфармацыю адным з найважных складнікаў сучаснага грамадства», паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».

«Пераход да інфармацыйнага грамадства ставіць перад намі задачу стварэння электроннага ўрада, які складаецца ў аказанні інфармацыйных паслуг, з дапамогай сучасных тэхналогій», - заявіў міністр.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што ў адпаведнасці з праектам закона права на атрыманне інфармацыі не можа быць выкарыстанае для прапаганды гвалтоўнай змены ўлады, рэлігійнай, расавай і іншай нетрывальнасці, а таксама для іншых дэструктыўных дзеянняў.

Па словах М.Панцялея, у законапраекце заканадаўча аформленыя патрабаванні да працэсаў стварэння, эксплуатацыі і дзяржаўнай рэгістрацыі інфармацыйных сістэм.

М.Панцялей падкрэсліў, што законапраект не распаўсюджваецца на працу сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку электронных.

Таксама міністр заявіў, што "ніякіх правіл паводзінаў у інтэрнэце не ўводзіцца". «Уводзіцца права грамадзяніна адмовіцца ад інфармацыі, якая яму навязваецца», - сказаў ён.

Апошнія навіны