BE RU EN

Кошты будуць расці: іх будуць «выраўноўваць» з коштамі ў Расеі

  • 13.11.2008, 8:39

Мінсельгасхарч Беларусі працягне практыку паэтапнага падвышэння закупных і лімітавых адпускных коштаў на прадукцыю для выраўноўвання іх з суседнімі рэгіёнамі.

Аб гэтым паведаміў учора журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра.

Па ягоных словах, кошты на харчовыя тавары ў Беларусі ніжэй, чым у суседніх дзяржавах. Асабліва гэта датычыцца сацыяльна значных прадуктаў харчавання: малочнай прадукцыі, хлеба і хлебабулачных вырабаў.

Як паказвае аналіз Міністэрства эканомікі, пры рэалізацыі малака ў рознічнай гандлёвай сетцы ў Беларусі 60% ад кошту тавара накіроўваецца сельскім гаспадаркам за пастаўленую сыравіну, 20% ад кошту забіраюць перапрацоўшчыкі, яшчэ 20% - гандль. У Расеі толькі 40% ад кошту малака, што прадаецца ў рознічнай сетцы, дастаецца сялянам, больш за 60% дзеляць паміж сабой перапрацоўшчыкі, гандль, пасярэднікі. І гэта пры тым, што закупныя кошты на малако ў Расеі значна вышэйшыя, чым у Беларусі, перадае БелТА.

Мінсельгасхарч выступае за паступовае павелічэнне закупных коштаў на жывёлагадоўчую прадукцыю і такое ж паэтапнае падвышэнне лімітавых адпускных коштаў на мяса і малако ў рознічнай сетцы. Да прыкладу, у цяперашнім годзе закупныя кошты на буйную рагатую жывёлу і свінняў падвышаліся чатыры разы: у лютым - на 5%, у чэрвені на БРЖ - на 10%, у ліпені на БРЖ і свінняў - на 10%, у верасні - у сярэднім на 5-10%. Падвышэнне закупных коштаў на жывёлагадоўчую прадукцыю звязанае з неабходнасцю пакрыцця выдаткаў на яе вытворчасць, кампенсацыі росту коштаў на матэрыяльныя рэсурсы і выраўноўвання коштаў на аналагічную прадукцыю з суседнімі дзяржавамі.

Па словах міністра, вяснова-летняе падвышэнне закупных коштаў было накіраванае на фінансавае аздараўленне сельгазарганізацый. "Калі бы ў той перыяд не былі падвышаныя закупныя кошты на буйную рагатую жывёлу і свініну, а таксама на малако, то сітуацыя ў галіне была бы вельмі складанай. Таму мы ўважліва адсочваем ўзровень закупных коштаў на сыравіну ў суседніх дзяржавах. Калі не будзем гэта адсочваць, то можа паўстаць несанкцыянаваны вываз мяса з краіны", - сказаў міністр.

Лімітавыя адпускныя кошты на жывёлагадоўчую прадукцыю падвышаліся не так часта, увесь гэты час перапрацоўчыя прадпрыемствы неслі на сябе ўсю нагрузку. Калі ў першым квартале бягучага года прыбытак малочных прадпрыемстваў складаў Br72 млрд., то да канца трэцяга квартала ён знізіўся амаль у 2 разы. Таму Мінсельгасхарч настаяў на тым, каб на працягу кастрычніка лімітавыя адпускныя кошты на ялавічыну, свініну былі павялічаныя на 5%, а ў лістападзе - на 4%. Але гэта толькі часткова кампенсуе ўзровень выдаткаў на іх вытворчасць, адзначыў Сямён Шапіра.

Лімітавыя адпускныя кошты на хлеб і хлебабулачныя вырабы да канца года будуць павялічвацца штомесяц на 2%, на малако, кефір, смятану, тварог - на 2,5%. Такое рашэнне прыняло Міністэрства эканомікі. Павелічэнне лімітавых адпускных коштаў абумоўленае падаражэннем кошту сыравіны, ростам коштаў на выкарыстоўваныя энергарэсурсы, а таксама звязанае са стратнасцю і нізкай рэнтабельнасцю, неабходнасцю пакрыцця выдаткаў на выпуск сацыяльна значных прадуктаў харчавання.

На сметанковы і раслінны алей, сыры, мяса птушкі, сажалкавую рыбу і іншыя прадукты харчавання ў Беларусі ўсталяваныя свабодныя кошты, і прадпрыемствы фарміруюць іх з улікам уласных выдаткаў на вытворчасць.

Апошнія навіны