BE RU EN

Ангела Меркель: «Мы назіраем за тым, як Лукашэнка выконвае або не выконвае рэкамендацыі ЕЗ»

  • 13.11.2008, 10:52

У Берліне прайшло чарговае паседжанне выканаўчага камітэта Еўрапейскага саюза пенсіянераў (ESU). На мерапрыемства, ініцыяванае канцлерам Германіі Ангелай Меркель, была запрошаная лідэр грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко.

Ёй атрымалася не толькі задаць пытанне кіраўніку Германіі ў межах паседжання, але і пагутарыць з Ангелай Меркель асабіста.

— У працы арганізацыі прынялі ўдзел 76 пенсіянераў з 27 краін Еўропы, — падзялілася сваімі ўражаннямі аб паседжанні Еўрапейскага саюза пенсіянераў з «Народнай воляй» Таццяна Зялко. — Я была запрошаная на мерапрыемства ў якасці назіральніка. Пасля выступлення ўдзельнікаў паседжання і канцлера Германіі Ангелы Меркель пачаліся дэбаты. Я гэтым скарысталася і звярнулася з пытаннем асабіста да Меркель. Распавяла, што літаральна на наступны дзень пасля таго, як была прынятая рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі і адмененыя на паўгады візавыя абмежаванні ў адносінах некаторых беларускіх палітыкаў, у тым ліку міністра юстыцыі Віктара Галаванава і начальніка ўпраўлення грамадскіх аб'яднанняў міністэрства Алега Сліжэўскага, Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз не зарэгістравала грамадскае аб'яднанне пенсіянераў. Гэтым разам "Наша пакаленне". Прычым прычыны, чаму было адмоўлена ў рэгістрацыі, былі названыя несур'ёзныя. Я запытала ў Меркель: "Якія будуць наступныя дзеянні Еўразвяза, калі па сутнасці ў Беларусі нічога не змяняецца?"

Канцлер Германіі сказала літаральна наступнае: "Мы назіраем за тым, як Лукашэнка выконвае або не выконвае рэкамендацыі, прапанаваныя рэзалюцыяй Еўрапарламента". Наступным крокам з боку Еўрапейскага Звяза будзе патрабаванне адмяніць 193-і артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі (дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Яна таксама заявіла, што Еўрапейскі Звяз мае намер разгледзець пытанне спрашчэння працэдуры атрымання беларускімі грамадзянамі шэнгенскіх віз.

Я была прыемна здзіўленая тым, наколькі інфармаваныя нашы заходнія калегі ў адносінах сітуацыі ў Беларусі. Павінна адзначыць, што Еўрапейскія арганізацыі пенсіянераў, якія маюць досыць вялікі ўплыў на фарміраванне еўрапейскай палітыкі (прадстаўнікі шматлікіх з іх з'яўляюцца дэпутатамі Еўрапарламента), вельмі ўважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі і за сітуацыяй з рэгістрацыяй грамадскага аб'яднання беларускіх пенсіянераў у прыватнасці. Адкрыта кажучы, мяне пацешыў той факт, што ні адзін прадстаўнік арганізацыі пенсіянераў не застаўся раўнадушным да нашай праблемы. З іх боку прапаноўваліся розныя варыянты супрацьстаяння самаўпраўнасці нашых улад - і, трэба сказаць, шматлікія з іх з'яўляюцца досыць цікавымі. І, самае галоўнае, — усе яны гучалі шчыра. Я магу заявіць, што любыя дзеянні ўлад не застануцца без увагі еўрапейскай грамадскасці.

Ці плануеце вы аспрэчваць рашэнне Міністэрства юстыцыі ў судзе?

— Што датычыцца нашага адказу на дзеянні Міністэрства юстыцыі, то дадзенае пытанне будзе вырашацца ў самы бліжэйшы час на праўленні. Аднак мы маем намер змагацца да канца і гатовыя да такіх дзеянняў, якіх ніхто не чакае…

Апошнія навіны