Віктар Гарбачоў: «Усе гатовыя выйсьці на акцыю»
- 13.11.2008, 14:28
Барысаўскія прадпрымальнікі возьмуць удзел у маршы пратэсту, што адбудзецца ў Менску 15 сьнежня. Аб гэтым заявіў адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху ў Барысаве Віктар Гарбачоў.
Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўлады зьвернуць увагу на іхнія абставіны: ад 1 студзеня, калі пачне дзейнічаць Указ № 760, бяз працы застануцца каля 120 000 чалавек, паведамляе “Радыё Свабода”.
Нагадаем, раней пракуратура вынесла папярэджаньне Віктару Гарбачову аб недапушчэньні парушэньня Закону аб масавых мерапрыемствах. Прадпрымальніка папярэдзілі, што за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці.
Пракуратура таксама папярэдзіла Віктара Гарбачова аб крымінальнай адказнасьці, калі той будзе выступаць ад імя незалежнай арганізацыі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.
Але здавацца лідэр барысаўскіх прадпрымальнікаў не зьбіраецца – як і ягоныя калегі.
“Чыноўнікі добра памятаюць акцыі прадпрымальнікаў у сьнежні 2007-га і сёлетнія ў студзені. Яны адчулі, што зноў узьнікаюць праблемы з прадпрымальнікамі, і пачалі ціснуць на найбольш актыўных удзельнікаў прадпрымальніцкага руху. Прадпрымальнікі пасьля выступу намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура пачалі тэлефанаваць адно аднаму. Усе гатовыя выйсьці на акцыю”, - заявіў Віктар Гарбачоў.