Паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ір зноў «ажыў»?
- 25.11.2008, 11:51
Па паведамленнях афіцыйных СМІ КНДР і Паўднёвай Карэі, Кім Чэн Ір наведаў мясцовыя прадпрыемствы, у горадзе Сіныйджу на мяжы з Кітаем.
Пабываўшы на машынабудаўнічым і мылаварным заводах, Кім Чэн Ір "даў указанні для дзеянняў на месцах", паведамляе Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі. Аднак час наведвання кіраніком дзяржавы прадпрыемстваў афіцыйныя СМІ КНДР не ўказалі.
Нагадаем, што Кім Чэн Ір не з'яўляўся на публіцы з сярэдзіны жніўня да канца кастрычніка. Стан здароўя паўночнакарэйскага лідэра, які, па агульным перакананні экспертаў, значна пагоршыўся за апошнія месяцы, актыўна абмяркоўваецца ў заходніх СМІ. Крыніцы ў Паўднёвай Карэі і ў ЗША паведамлялі, што ён нібыта перанёс інсульт. Чуткі аб цяжкай хваробе або нават смерці лідэра КНДР сталі распаўсюджвацца пасля таго, як ён не з'явіўся на парадзе ў гонар 60-х угодак утварэння Паўночнай Карэі.
У пачатку лістапада з'явілася інфармацыя, што Кім Чэн Ір у кастрычніку перанёс паўторны інсульт. Меркавана, другі інсульт паразіў бок цела кіраўніка КНДР, таксама парушылася мова. Афіцыйнага пацверджання дадзенай інфармацыі не паступала, перадае NEWSru.com.
Каб аспрэчыць чуткі аб хваробе Кім Чэн Іра, Пхеньян распаўсюдзіў шматлікія паведамленні аб ягонай дзейнасці. Так, 6 лістапада паўночнакарэйскія СМІ паведамілі аб тым, што Кім Чэн Ір наведаў канцэрт класічнай музыкі, а 16 лістапада - фестываль вайсковага мастацтва. І ў тым, і ў іншым выпадку паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК не ўдакладніла, калі і дзе адбылося мерапрыемства. Аднак абодва разы Кім Чэн Ір высока ацаніў майстэрства музыкаў, цёпла прывітаў удзельнікаў канцэрту і фестываля і заяўляў, што мастацтва іграе важную ролю ў "завяршэнні пабудовы магутнай паспяховай дзяржавы".
Да таго ж, у апошнія месяцы былі апублікаваныя фатаграфіі здаровага і бадзёрага "правадыра" і нават відэаздымкі. Сапраўднасць некаторых з іх эксперты ставілі пад сумнеў.