BE RU EN

ЦВК: Збор подпісаў за змяненне выбарчага заканадаўства «малаэфектыўны»

  • 25.11.2008, 16:16

Сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік заявіў, што «рэалізацыя грамадзянамі заканадаўчай ініцыятывы — гэта вельмі доўгі і малаэфектыўны шлях».

«Нават калі ініцыятыўная група будзе зарэгістраваная і збярэ неабходную колькасць подпісаў, дык «дэпутаты» «палаты прадстаўнікоў» могуць не ўнесці законапраект у парадак дня сесіі», — сказаў М.Лазавік у інтэрв'ю БелаПАН.

У цяперашні час дэмакратычныя сілы Беларусі прапрацоўваюць пытанне абстварэнні ініцыятыўнай групы, якая будзе займацца зборам подпісаў за змяненне выбарчага заканадаўства. АДС плануюць распрацаваць законапраект, які будзе накіраваны ў «палату прадстаўнікоў» у парадку рэалізацыі грамадзянамі заканадаўчай ініцыятывы.

М.Лазавік лічыць, што значна больш эфектыўна ўнесці законапраект на разгляд у парламент пры дапамозе саміх «дэпутатаў».

«Нават адзін «дэпутат» валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Калі б прадстаўнікі палітычных партыяў заручыліся падтрымкай такога «дэпутата», яны б змаглі хутчэй дамагчыся разгляду сваіх прапановаў», — сказаў сакратар ЦВК.

У той жа час М.Лазавік адзначыў, што права заканадаўчай ініцыятывы належыць грамадзянам па Канстытуцыі.

«Калі гэтая ініцыятыва будзе арганізаваная ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, дык яна будзе рэалізаваная», — заявіў прадстаўнік Цэнтральнай камісіі.

Права заканадаўчай ініцыятывы належыць грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тыс. чалавек. Для яе рэалізацыі неабходна ўтварыць ініцыятыўную групу не менш чым са 100 чалавек, якая рэгіструецца ў Цэнтравыбаркаме.

Цэнтральная камісія не толькі правярае захаванне парадку ўтварэння ініцыятыўнай групы, але і накіроўвае праект закона для падрыхтоўкі заключэння ў Міністэрства юстыцыі. Пасля рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам ініцыятыўная група на працягу трох месяцаў уносіць праект закона ў «палату прадстаўнікоў».

Апошнія навіны