У Польшчы эксгумаваныя парэшткі генерала Уладзіслава Сікорскага
- 25.11.2008, 16:58
25 лістапада ў польскім Кракаве пачаўся працэс эксгумацыі цела генерала Уладзіслава Сікорскага — старшыні польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане.
Мармуровы саркафаг вагой у дзве тоны з целам нябожчыка генерала вынуты з крыпты святога Леанарда і перавезены ў Інстытут судовай медыцыны ў Кракаве, дзе эксперты паспрабуюць высветліць акалічнасці трагічнай гібелі выбітнагапольскага палітыка і вайсковага кіраўніка, паведамляе БелаПАН са спасылкай на РІА Новости.
Даследаванне парэштак працягнецца да наступнага дня. Вынікі будуць апублікаваныя праз месяц.
Генерал Уладзіслаў Сікорскі загінуў 4 ліпеня 1943 года непадалёк ад Гібралтара ў выніку авіякатастрофы. Пазней сталі з'яўляцца звесткі, што кіраўнік польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане быў забіты яшчэ ў Гібралтары, а ў самалёт змясцілі яго цела. Па адной з версіяў, загад аб гэтым быў аддадзены брытанскім урадам для таго, каб перашкодзіць генералу Сікорскаму абвастрыць адносіны з Савецкім Саюзам і прадухіліць развал антыгітлераўскай кааліцыі.
Існуе таксама версія аб дачыненні НКУС да смерці генерала.
Спачатку Сікорскі быў пахаваны ў Вялікабрытаніі, а 17 верасня 1993 года перапахаваны ў Кракаве. Канчатковае рашэнне аб правядзенні эксгумацыі было прынятае ў Польшчы ў верасні гэтага года.