Кіраўнік МЗС Нідэрландаў: «Мы будзем настойваць на цвёрдай пазіцыі ў адносінах беларускіх улад»
- 12.12.2008, 9:29
Міністр замежных спраў Нідэрландаў Максім Ферхаген заяўляе аб верагоднасці аднаўлення санкцый Еўрапейскага Звяза супраць беларускага рэжыма.
10 снежня ў Гаазе прайшоў моладзевы фестываль правоў чалавека Right Now! Прыняць удзел у фестывалі была запрошаная дачка бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага, які гвалтоўна знік у Беларусі, Валерыя.
Фестываль Right Now! у Гаазе быў прысвечаны 60-годдзю прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Фестываль быў арганізаваны сумеснымі высілкамі 30 галандскіх праваабарончых арганізацый, яго наведала больш за тысячу чалавек.
Валерыі Красоўскай і праваабаронцу з Зімбабвэ Промісу Мквананзі было даручана ўручыць Кнігу правоў чалавека ганароваму госцю фестываля — міністру замежных спраў Нідэрландаў Максіму Ферхагену. Карыстаючыся выпадкам, Валерыя Красоўская задала Максіму Ферхагену пытанне, якое вось ужо два месяцы цікавіла не толькі асабіста яе, але і шматлікіх беларусаў:
— Беларусь сумна вядомая як «апошняя дыктатура Еўропы». У нашай краіне маюць месца шматлікія парушэнні правоў чалавека, у тым ліку гвалтоўныя знікненні. У 2006 годзе, калі непасрэдна пасля прэзідэнцкіх выбараў за краты былі кінутыя больш за тысячу чалавек, Еўрапейскім Звязам супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека, былі ўведзеныя пэўныя санкцыі. У кастрычніку 2008 года гэтыя санкцыі было прыпыненыя на шэсць месяцаў, нягледзячы на тое, што нават фармальнага паляпшэння ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося. Зараз чалавек, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі, вітаецца ў Еўропе, нягледзячы на тое, што, меркавана, на ягоным сумлення забойства як мінімум чатырох чалавек. Чаму Нідэрланды, якія раней адкрыта выказвалі сваю заклапочанасць з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падтрымалі прапанову прыпыніць санкцыі і якія будуць дзеянні Нідэрландаў па заканчэнні шасці месяцаў?
— Перш за ўсё, хачу выказаць сваё захапленне тым, што вы не здаецеся і працягваеце весці барацьбу за праўду аб лёсе вашага бацькі, — сказаў міністр. — Хачу запэўніць вас, што Нідэрланды пільна сочаць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Падчас галасавання ў Еўразвязе ў кастрычніку гэтага года мае калегі з іншых краін ЕЗ пераканалі мяне ў тым, што прыпыненне санкцый можа станоўча паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Таксама, што важна, папярэдне былі праведзеныя кансультацыі з беларускімі арганізацыямі, якія выказалі меркаванне, што санкцыі неабходна зняць. Для мяне гэта было вырашальным довадам, каб прагаласаваць за прыпыненне санкцый. Аднак, я абяцаю вам, што калі зруху ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбудзецца, Нідэрланды будуць настойваць на цвёрдай пазіцыі па стаўленні да беларускіх улад. Калі на працягу гэтых шасці месяцаў нічога не зменіцца, санкцыі будуць адноўленыя.
Пасля ўручэння Кнігі правоў чалавека міністру замежных спраў Нідэрландаў Валерыя Красоўская прыняла ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у межах фестываля. Сумесна з прадстаўніком арганізацыі Aim for Human Rights (Нідэрланды) Красоўская правяла воркшоп на тэму гвалтоўных знікненняў і выступіла з уступным словам да дакументальнага фільма «Урок беларускай» Міраслава Дэмбіньскага, які дэманстраваўся ў межах фестываля.